Міністэрства фінансаў незадаволена выдаткамі сельгасвытворцаў на аўтамабілі



У Міністэрстве фінансаў заўважылі, што сельгаспрадпрыемствы часам нерацыянальна выдаткоўваюць грошы, атрыманыя ў тым ліку за кошт дзяржаўнай падтрымкі. Частку такіх выдаткаў трэба выключыць, перакананы намеснік міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч.

„Варыянтаў зэканоміць досыць шмат. Напрыклад, выклікае апраўданыя пытанні залішняя закупка транспартных сродкаў, не занятых у вытворчасці”, – гаворыцца ў артыкуле Татарыновіча, апублікаваным у сакавіцкім нумары ведамаснага часопіса „Фінансы. Улік. Аўдыт”. Цытаты прыводзіць агенцтва БелаПАН. Прадстаўнік Мінфіна распавядае са спасылкай на дадзеныя ДАІ, што за два гады сельгаспрадпрыемствы купілі і паставілі на ўлік 702 новыя аўтамабілі і мікрааўтобусы. І толькі 100 з іх былі маркі Geely, якая збіраецца ў Беларусі.

„Мабыць, для выезду „ў людзі” кіраўнікам гаспадарак вельмі патрэбныя новыя Toyota Land Cruiser, Camry і RAV 4, Skoda Kodiaq, VW Tiguan, Caravelle і Multivan, Mercedes Vito і гэтак далей.”, — адзначае Татарыновіч.

Ён таксама піша аб куплі ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вялікай колькасці  былых ва ўжыванні аўтамабіляў — 1.726. Пры гэтым ільвіная доля з іх (65%) затым на працягу года здымалася з уліку, „уключаючы джыпы Lexus, Toyota Land Cruiser, Volkswagen Touareg (апошні пастаўлены на ўлік і зняты з яго наогул на працягу аднаго дня)„.

Намеснік міністра лічыць, што трэба выпрацаваць дакладныя рэкамендацыі па выкарыстанні чыстага прыбытку. Ён нагадвае, што „ў пэўнай меры прыбытак у галіне сфармаваны за кошт дзяржаўнай падтрымкі, і яна застаецца ўнутры сферы”. А вяртаецца няшмат: у 2019 годзе, прыводзіць прыклад Татарыновіч, „у якасці дывідэндаў дзяржава і іншыя ўласнікі атрымалі толькі 6 мільёнаў рублёў”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: minfin.gov.by