Беларусь не плануе імпартаваць электраэнергію ў 2019 годзе



Беларусь не плануе імпартаваць электраэнергію ў наступным годзе, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску 21 снежня міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

„На 2019 год сфарміраваны баланс электрычнай энергіі, які прадугледжвае задавальненне патрэбаў краіны за кошт уласнай вытворчасці, — сказаў Каранкевіч. — Калі і будзе імпарт, то ў невялікіх аб`ёмах — у выглядзе трансгранічных абаротаў, зыходзячы з тэхналагічнай спецыфікі работы галін, паколькі яны працуюць сінхронна. Гэта больш, можна сказаць, аб`ёмы электраэнергіі ў межах хібнасці”.

21 лютага на пасяджэнні калегіі Мінэнерга па выніках 2017 года колішні міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык заявіў, што ў 2018 годзе Беларусь упершыню за гады незалежнасці цалкам адмаўляецца ад імпарту электраэнергіі.

Паводле яго слоў, адмовіцца ад замежных паставак электрычнасці дазволіла праведзеная мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы і дасягнутыя дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Расеі і Беларусі па цэнах на газ.

„У гэтых умовах дзяржаўнаму вытворчаму аб`яднанню „Белпалівагаз” і газазабеспячальным арганізацыям неабходна арганізаваць бесперабойнае забеспячэнне аб`ектаў энергасістэмы і неабходную працу з прадпрыемствам „Газпром трансгаз Беларусь” у рамках дагаворных адносін. Задача аб`яднання „Белэнерга” і энергазабеспячальных арганізацый заключаецца ў тым, каб забяспечыць далейшае павышэнне эфектыўнасці работы энергасістэмы. Усе ўмовы для гэтага ў нас ёсць”, — заявіў Патупчык.

belapan.by