Міністр гандлю патлумачыў, чаму так вырасла інфляцыя



Чаму цэны на прадукты ў гэтым годзе так выраслі і чаго чакаць летам, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў адказаў для OНT.

«Першае — студзень, гэта адмена ўсіх навагодніх зніжак, акцый. У дачыненні да снежня мінулага года заўсёды ўплывае гэты фактар, мы заўсёды яго ўлічвалі. У лютым, напрыклад, у адпаведнасці з заканадаўствам, традыцыйна павышаюцца тарыфы на камунальныя паслугі. У цэлым, у зімовы перыяд растуць цэны на гародніну, таму што гэта міжсезонне. Вялікія выдаткі атрымліваюцца на яе вырошчванне, на захоўванне. Трэба больш электрычнасці і гэтак далей. Таму яна атрымліваецца даражэйшай, чым у летні перыяд», — распавёў Аляксей Багданаў.

Пасля «традыцыйнага» росту адбыўся рост нечаканы. «А сітуацыя ў сакавіку, калі ў нас быў скачок, 6,1% месячная інфляцыя атрымалася… Вядома, гэты ўплыў быў рэакцыяй у прынцыпе сусветнай эканомікі на пачатак спецыяльнай аперацыі [вайны Расеі ва Украіне]. Ужо мы бачым, што ў красавіку, дзякуючы намаганням нашага ўрада ў цэлым, і расейскага, калі рубель стаў і расейскі, і беларускі ўмацоўвацца, мы бачым у чатыры разы зніжэнне інфляцыйных працэсаў, у красавіку — 1,6%, у маі чакаем інфляцыю да 1%. У цэлым яна будзе запавольвацца ў летнія месяцы», — растлумачыў Багданаў.

Паводле яго, урад «напружана працуе над гэтымі пытаннямі», ёсць антыінфляцыйная праграма. «Дадаткова сёння яшчэ зараджаная праграма па стрымліванні цэн, якая была распрацаваная МАРГ сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі, яна на разглядзе ў Савеце Міністраў знаходзіцца», — сказаў міністр.

Наша Ніва

[manual_related_posts]