Мінпрацы пакуль не плануе павышаць дапамогу па беспрацоўі
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пакуль не плануе павялічваць дапамогу па беспрацоўі, але ў будучыні разгляд гэтага пытання не выключаны, паведаміла міністр Ірына Касцевіч, выступаючы 30 траўня на сумесным пасяджэнні дзвюх палат беларускага парламента.
„Згодна, што 27 рублёў — малая дапамога па беспрацоўі, але казаць, што сродкі для павышэння дапамогі неабходна адшукаць у бюджэце, — гэта няправільны падыход”, — адзначыла Касцевіч, адказваючы на пытанне дэпутата Ганны Канапацкай.
На думку міністра, можна было б павысіць дапамогу ў выпадку ўвядзення абавязковага страхавання па беспрацоўі, але ў краіне ўстаноўлены мараторый на павышэнне падатковай нагрузкі на бізнес.
„Можа быць, у наступнай пяцігодцы варта разглядаць пытанне комплексна па ўсіх падатках, і тады можна разгледзець пытанне павышэння дапамогі па беспрацоўі, але на больш жорсткіх умовах тады і яе выплачваць”, — сказала Касцевіч.
Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы на пасяджэнні дзвюх палат парламента, даў зразумець, што з павышэннем дапамогі па беспрацоўі спяшацца не варта: „Сацыяльная палітыка не павінна спараджаць сацыяльнае ўтрыманства, таму давайце падтрымаем у гэтым пытанні (што тычыцца дапамогі па беспрацоўі.) Мінпрацы”, — сказаў ён.
У сваю чаргу Касцевіч адзначыла, што сітуацыя на рынку працы адносна спакойная і вострай неабходнасці ў карэкціроўцы дапамогі па беспрацоўі пакуль няма.
„Згодна з вынікамі лютаўскага абследавання хатніх гаспадарак, узровень агульнага беспрацоўя складаў 5,1% (260 тыс. чалавек). Год таму, у лютым, узровень беспрацоўя складаў 6,3%. Такім чынам, мы бачым станоўчую дынаміку па ўзроўні агульнага беспрацоўя”, — заявіла міністр.
У сувязі з гэтым яна спаслалася на пазіцыю Міжнароднай арганізацыі працы, якая лічыць рынак працы з узроўнем беспрацоўя 3-5% „здаровым”.
„Канкурэнцыя, якая прысутнічае сярод тавараў і паслуг, павінна быць і сярод працоўных рэсурсаў, каб стымуляваць людзей змяняць і павышаць свой прафесійны ўзровень”, — лічыць Касцевіч.
