Мінпрацы: Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 сакавіка склаў 0,2%



Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 сакавіка 2021 года склаў 0,2% і ў параўнанні з 1 сакавіка 2020 года не змяніўся, паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях склаў 0,3%, Гомельскай і Менскай абласцях — 0,2%, Менску — 0,1%.

На 1 сакавіка на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзілася 8,3 тыс. чалавек, што на 18% менш, чым на 1 сакавіка 2020 года (10,2 тыс.).

Наймальнікамі заяўленыя звесткі аб наяўнасці 72,1 тыс. вольных працоўных месцаў, што на 13% менш, чым на 1 сакавіка 2020 года (83,5 тыс.). Попыт на работнікаў па рабочых прафесіях склаў 61% ад агульнай колькасці вакансій (на 1 сакавіка — 61,9%).

Пры гэтым у Менску на аднаго беспрацоўнага прыпадала 20,3 вакансіі, у Менскай вобласці — 13,2 вакансіі, Гарадзенскай — 8,6 вакансіі, Гомельскай — 8,5 вакансіі, Берасцейскай — 5,6 вакансіі, Магілёўскай — 5,5 вакансіі, Віцебскай — 4,9 вакансіі.

У студзені—лютым 2021 года па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 17,2 тыс. чалавек, з іх 10,5 тыс. пастаўлена на ўлік у якасці беспрацоўных.

За два месяцы гэтага года 11,3 тыс. чалавек уладкаваныя на пастаянную працу, 664 — накіраваныя на навучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, 3,7 тыс. — узялі ўдзел у аплатных грамадскіх работах, 11 сем’яў беспрацоўных пераселеныя на новае месца жыхарства і працы.

Згодна з апошнімі звесткамі Бестата, у чацвёртым квартале 2020 года ў краіне ўзровень фактычнага беспрацоўя вырас. Узровень занятасці насельніцтва (адносіны колькасці занятага насельніцтва да колькасці насельніцтва ва ўзросце 15—74 гадоў) склаў 67,9%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,1% колькасці працоўнай сілы супраць 4% у трэцім квартале.

belapan.by