Мінсельгасхарч: Беларусь яйкі з Еўропы не імпартуе



Беларусь яйкі з Еўропы не імпартуе, заявіў БелаПАН начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў, каментуючы паведамленні аб выяўленні ў курыных яйках у шэрагу краін Еўрасаюза атрутнага рэчыва фіпраніл.

„Яйкі з Еўропы на наш рынак патрапіць не могуць, бо мы іх у прынцыпе не імпартуем. У Беларусі вырабляецца дастатковая для ўнутранага рынку колькасць гэтай прадукцыі. Больш за тое, каля 60% вырабленых у Беларусі яек мы пастаўляем на экспарт. І фіпраніл для апрацоўкі птушак мы не выкарыстоўваем”, — паведаміў Багданаў.

Як паведамілі замежныя інфармагенцтвы, заражаныя фіпранілам яйкі выяўленыя ў Францыі і Вялікабрытаніі. Брытанская харчовая асацыяцыя Food Safety Authority прызнала, што ў краіну патрапіла абмежаваная (21 тысяча штук) партыя яек вельмі нізкай якасці. У сваю чаргу ў паведамленні Міністэрства сельскай гаспадаркі Францыі гаворыцца пра тое, што трынаццаць заражаных партый яек з Нідэрландаў былі дастаўленыя ў ліпені на прадпрыемствы харчовай прамысловасці, размешчаныя на захадзе краіны.

На мінулым тыдні ў Нідэрландах каля 180 ферм былі зачыненыя з-за павышанага ўтрымання ў яйках фіпранілу, рэчыва, якое выкарыстоўваецца для знішчэння паразітаў у куранят. У большасці выяўленых выпадкаў яго ўтрыманне перавышала паказчыкі, якія дапускаюцца еўрапейскімі нормамі. У вялікіх колькасцях фіпраніл лічыцца „ўмерана таксічным” для чалавека па стандартах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). У Германіі, Швейцарыі і Швецыі былі адкліканыя і знішчаныя мільёны яек з Нідэрландаў. Некаторыя галандскія фермеры, якія пацярпелі ад крызісу, пачалі знішчаць жывёлу. Былі ліквідаваныя каля 300 тысяч заражаных курэй, якія дасягнулі гранічнага ўзросту ад 18 да 24 месяцаў.

Прадстаўнікі пацярпелых гаспадарак у Нідэрландах, Бельгіі і Ніжняй Саксоніі (Германія) ужо абвясцілі, што будуць патрабаваць кампенсацыі пасля правядзення ўсіх фінансавых разлікаў. Яны сцвярджаюць, што скарысталіся паслугамі галандскай кампаніі ChickFriend, якая спецыялізуецца на дэзінфекцыі ферм. Яе падазраюць у тым, што яна падманным шляхам выкарыстала фіпраніл, які змяшчаецца ў прадукце для барацьбы са шкоднікамі.

belapan.by