Менск і Баку абмяркоўваюць выкарыстанне нафтаправода Адэса – Броды



Менск і Баку абмяркоўваюць выкарыстанне нафтаправода Адэса – Броды для пастаўкі нафты ў Беларусь, паведамілі БелаПАН у Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана (SOCAR).

«Мы вядзем перамовы з беларускім бокам, і разглядаюцца пастаўкі нафты ў Беларусь з боку SOCAR. Выкарыстанне нафтаправода Адэса – Броды з’яўляецца адной з магчымых опцый», – заявіў БелаПАН прадстаўнік SOCAR Ібрагім Ахмедаў.

Крыніца ў нафтахімічным комплексе Беларусі паведаміла БелаПАН, што ў найбліжэйшы час чакаецца пастаўка нафты на Мазырскі НПЗ. «Будзе на Мазыр пастаўка, у любым выпадку. А краін там з Чорнага мора не так ужо і шмат», – сказаў суразмоўца, не ўдакладніўшы краіну-пастаўшчыка.

Беларусь раней ужо закупляла азербайджанскую нафту. У 2011 годзе было імпартавана 974 тыс. тон па сярэдняй цане 838 долараў за тону. З Расеі ў тым жа годзе было імпартавана 18 млн тон нафты (410 долараў за тону), з Венесуэлы – 1,3 млн тон (857 долараў за тону).

Даручэнне ў найбліжэйшы час забяспечыць пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц у канцы мінулага года даў Аляксандр Лукашэнка. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода «Дружба», паведамляла прэс-служба прэзідэнта. Афіцыйны лідар заявіў, што пры адсутнасці дамоўленасцяў з Расеяй Беларусь можа рэверсам пампаваць амерыканскую ці саудаўскую нафту праз Польшчу па магістральным нафтаправодзе.

Як паведаміў 14 студзеня першы віцэ-прэмʼер Беларусі Дзмітрый Круты, камерцыйныя прапановы былі разасланыя ва ўсе магчымыя краіны, сярод якіх Польшча, Азербайджан, Казахстан, Украіна і дзяржавы Балтыі. Крутой выказаў надзею, што Беларусь «хутка атрымае альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты».

20 студзеня «Белнафтахім» паведаміў пра закупку 80 тыс. тон нарвежскай нафты. Пастаўка будзе ажыццяўляцца праз Клайпедскі порт на завод «Нафтан» у Наваполацку. Сыравіна павінна прыбыць у порт увечары 22 студзеня.

Менск займаецца пошукам альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты на фоне рознагалоссяў з Расеяй па цэнах. Беларускія НПЗ пакуль не падпісалі доўгатэрміновыя кантракты з буйнымі расейскімі пастаўшчыкамі. Закупка сыравіны ажыццяўляецца па дамоўленасці з нафтавымі кампаніямі групы «Сафмар» блізкага да Лукашэнкі расейскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева. У студзені чакаецца 750 тыс. тон нафты, што складае каля паловы месячнага абʼёму перапрацоўкі, які склаўся ў апошнія гады. Нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць пры мінімальнай загрузцы.

БелаПАН

[manual_related_posts]