Мінскі трактарны завод дапушчаны да дзяржзакупак у Расеі



Тэхніка Мінскага трактарнага завода ўключаная ў рэестр еўразійскай прамысловай прадукцыі, што дае права на ўдзел у працэдурах дзяржаўных закупак на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.

„У рэестр уключаныя трактары BELARUS з магутнасцю рухавіка ад 80 да 355 к.с. — усяго 68 мадэляў і мадыфікацый. Разлічваем, што права ўдзельнічаць у дзяржзакупках у Расеі дасць магчымасць задаволіць патрэбы нашых пастаянных і новых пакупнікоў”, — цытуе прэс-служба прадпрыемства намесніка маркетынг-дырэктара па камерцыйнай працы на рынках краін СНД — начальніка ўпраўлення прасоўвання і рэалізацыі прадукцыі ў СНД Міхаіла Вардугіна.

Прэс-служба нагадала, што ў адпаведнасці з пастановай урада РФ ад 30 красавіка 2020 года № 616, з 1 чэрвеня мінулага года была ўстаноўленая забарона на допуск прамысловых тавараў, якія паходзяць з замежных дзяржаў (за выключэннем дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза), для дзяржаўных і муніцыпальных закупак, а таксама патрэб абароны і бяспекі Расейскай Федэрацыі.

Неабходнай умовай для магчымасці ўдзелу ў працэдурах закупак стала наяўнасць звестак аб такой прадукцыі ў рэестрах прамысловай прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі альбо на тэрыторыі дзяржавы — члена ЕАЭС.

Мінскі трактарны завод быў заснаваны 29 траўня 1946 года. Найбуйнейшы вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі ў СНД і свеце. У структуру холдынгу ўваходзіць 10 прадпрыемстваў. ААТ „Мінскі трактарны завод” пастаўляе прадукцыю на рынкі больш чым 60 дзяржаў і мае зборачныя вытворчасці ў розных краінах.

belapan.by