Moody’s чакае пагаршэння якасці актываў „Беларусбанка”



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s чакае пагаршэння якасці актываў „Беларусбанка” ў найбліжэйшыя 12—18 месяцаў, гаворыцца ў крэдытным заключэнні (аналітычнай справаздачы), падрыхтаваным аналітыкамі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Moody’s.

„Мы чакаем, што праблемныя крэдыты „Беларусбанка” павялічацца ў наступныя 12—18 месяцаў, бо плацежаздольнасць яго пазычальнікаў зніжаная з-за абясцэньвання валюты”, — гаворыцца ў справаздачы.

Аналітыкі агенцтва адзначаюць, што „пагаршэнне эканамічных умоў на фоне палітычнай напружанасці і пандэміі каранавіруса” негатыўна ўплывае на карпаратыўны сектар.

„Мы чакаем, што „Беларусбанк” рэструктуруе крэдыты для падтрымкі пазычальнікаў. Аднак, калі збоі з-за пандэміі або сацыяльныя хваляванні працягнуцца на працягу доўгага перыяду, перспектывы вяртання рэструктураваных крэдытаў пагоршацца”, — прагназуюць аналітыкі Moody’s.

Згодна з ацэнкай Moody’s, доля праблемных крэдытаў па МСФС (пазыкі 3-й стадыі, то бок абясцэненыя) у „Беларусбанку” павялічылася з 11,4% у канцы 2018 года да 13,4% на канец 2019 года.

Пры гэтым значны аб’ём крэдытаў „Беларусбанка”, якія прыпадаюць на дзяржпрадпрыемства, аналітыкі Moody’s разглядаюць як „істотную дадатковую рызыку для якасці актываў”. „Магчымасці гэтых кампаній па абслугоўванні доўгу залежаць ад палітыкі ўрада па падтрымцы канкрэтных пазычальнікаў або галін”, — гаворыцца ў справаздачы рэйтынгавага агенцтва.

На думку аналітыкаў, якасць актываў „Беларусбанка” таксама стрымліваецца высокім узроўнем канцэнтрацыі — на 10 найбуйнейшых пазычальнікаў прыпадае каля траціны валавых крэдытаў банка.

ААТ „ААБ „Беларусбанк” — найбуйнейшы беларускі камерцыйны банк. На яго долю прыпадае каля 40% актываў усёй банкаўскай сістэмы.

belapan.by