МПЗ не выключае пашырэння спіса відаў дзейнасці без рэгістрацыі ІП



МПЗ не выключае пашырэння спіса відаў дзейнасці без рэгістрацыі ІП. Аб гэтым паведаміла 13 кастрычніка на прэс-канферэнцыі намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка.

„Калі будуць прапановы і будзем бачыць, што некаторыя віды дзейнасці сапраўды трэба вывесці са складу прадпрымальніцкай і ўключыць у спіс відаў дзейнасці па заяўным прынцыпе, то, вядома, яны будуць уключацца ў Падатковы кодэкс і будзем пашыраць гэту сферу з выплатай адзінага падатку”, – адзначыла Святлана Шаўчэнка.

Кіраўнік краіны 19 верасня 2017 года падпісаў указ нумар 337 „Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”. Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна прыгатаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месц для кароткатэрміновага пражывання фізасоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, кладцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп’ютарнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр’ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульніцкія і касметычныя паслугі.

belta.by