„МТС” да верасня пашырыць у Беларусі сваю 4G-сетку ў паўтара раза



Аператар „МТС” плануе да верасня гэтага года пашырыць сваю 4G-сетку ў Беларусі ў паўтара раза. Колькасць базавых станцый з падтрымкай LTE па ўсёй краіне вырасце практычна на 50%, паведамілі БелаПАН у прэс-службе кампаніі.

Ёмістасць сеткі 4G павялічыцца ва ўсіх рэгіёнах. Новыя вышкі сувязі запрацуюць у буйных гарадах і райцэнтрах краіны. Цяпер у Беларусі працуе больш за 1.600 базавых станцый LTE, а да канца года іх будзе звыш 2.400. З павелічэннем ёмістасці павысіцца і прапускная здольнасць 4G-сеткі. Гэта дасць магчымасць павысіць якасць LTE-сувязі, што асабліва важна для актыўных інтэрнет-карыстальнікаў, якія захапляюцца стрымінгавымі сэрвісамі і „цяжкім” кантэнтам.

Частка новых базавых станцый будзе запушчана яшчэ да пачатку Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у краіне з 21 па 30 чэрвеня. Найбольш шчыльнае 4G-пакрыццё будзе арганізавана ў Менску. Для большай якасці LTE-сетка ўжо цяпер працуе ў двух частотных дыяпазонах — 1.800 і 2.600 Мгц. У месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў сувязь будзе дадаткова ўзмоцнена, каб забяспечыць высокую хуткасць доступу ў інтэрнэт для вялікай колькасці абанентаў.

Кампанія „МТС” першай у Беларусі дала сваім абанентам доступ да 4G у снежні 2015 года сумесна з інфраструктурным аператарам beCloud. На гэты момант сувязь чацвёртага пакалення даступная абанентам больш чым сотні населеных пунктаў краіны.

Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі. Абаненцкая база па выніках 2018 года павялічылася прыкладна на 200 тыс. карыстальнікаў і дасягнула 5,5 млн.

Кампанія зарэгістравана 4 красавіка 2002 года. Заснавальнікамі з’яўляюцца РУП „Белтэлекам” (51% статутнага фонду) і расійскае ААТ „Мабільныя ТэлеСістэмы” (49%).

belapan.by

[manual_related_posts]