МВФ арганізуе віртуальную місію для вывучэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі



Прадстаўнік фонду заявіў, што місія персаналу з’яўляецца часткай мандата МВФ па наглядзе і маніторынгу за эканомікай і накіраваная на збор дадатковай інфармацыі аб эканамічных падзеях у Беларусі і яе мерах у адказ на пандэмію COVID-19.

Чакаецца, што МВФ пачне маніторынг ужо ў панядзелак, 13 верасня, паведаміла Reuters крыніца, знаёмая з планамі фонду, але не ўпаўнаважаная гаварыць публічна.

Як адзначае агенцтва, місія пачынаецца „на фоне занепакоенасці” з-за траншу памерам амаль у 1 млрд долараў, які МВФ выдзеліў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, каб дапамагчы ў барацьбе з пандэміяй каранавіруса.

23 жніўня Міжнародны валютны фонд ухваліў размеркаванне спецыяльных правоў запазычання (Special drawing rights, або SDR) у аб’ёме 650 млрд долараў. Выдзяленне сродкаў павінна дапамагчы краінам аднавіцца пасля пандэміі, павысіўшы ліквіднасць міжнародных рэзерваў. Беларусі выдзелена 653 млн у SDR, або больш за 900 млн долараў у эквіваленце.

Беларускія дэмакратычныя лідары, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама прадстаўнікі дыяспары заклікалі МВФ заблакаваць уладам Беларусі доступ да сродкаў SDR, у тым ліку замарозіць іх абмен у свабодна канвертоўныя валюты да моманту, пакуль у краіне не будуць праведзеныя новыя, свабодныя выбары.

SDR — спецыяльна створаны сродак для плацежных разлікаў МВФ. Яго валютны курс вызначаецца на аснове абменных курсаў кошыка валют — долара, еўра, іены, брытанскага фунта і юаня. У мінулы раз МВФ звяртаўся да інструмента SDR у 2009 годзе, каб падтрымаць сусветную эканоміку пасля глабальнага фінансавага крызісу.

БелаПАН