МВФ: Перамовы з уладамі Беларусі атрымаюць працяг у красавіку



Міжнародны валютны фонд (МВФ) працягне перамовы з уладамі Беларусі аб новай праграме супрацоўніцтва на вясновай сесіі ў Вашынгтоне, паведаміў 23 сакавіка на прэс-брыфінгу ў сталіцы ЗША афіцыйны прадстаўнік фонду Джэры Райс, адказваючы на пытанне аб ходзе дыскусій з беларускімі ўладамі.

Паводле слоў Райса, на сустрэчы прадстаўнікоў МВФ з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася на яго запрашэнне 16 сакавіка ў Менску, дыскусія ішла аб эканамічнай сітуацыі ў краіне і тэмпах рэформ. Пры гэтым акцэнт быў зроблены на мерах, што прымаюцца ўрадам для дапамогі людзям, якія маюць патрэбу ў дзяржпадтрымцы.

„Мы чакаем, што дыскусіі будуць працягвацца ў межах вясновай сустрэчы фонду”, — сказаў Райс падчас брыфінгу, відэа якога размешчанае на сайце МВФ.

Мерапрыемствы вясновай сесіі саветаў кіраўнікоў МВФ і групы Сусветнага банка пройдуць у Вашынгтоне 21—23 красавіка.

Кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман 16 сакавіка сустрэўся ў беларускай сталіцы з Аляксандрам Лукашэнкам паводле яго просьбы. „Хачу сказаць, што я не перамовы весці вас запрасіў, — таму што ведаю, што вы актыўна супрацоўнічаеце з нашымі спецыялістамі па праблематыцы адносін з МВФ. У мяне ёсць пара пытанняў, якія я хацеў бы абмеркаваць. Для мяне і краіны яны вельмі важныя”, — звярнуўся Лукашэнка да Долмана.

„Мяркую, што пытанні, па якіх мы будзем весці размову, яны і ў інфармацыйным плане карысныя для вас, ну і наогул на будучыню, каб вы ведалі пра сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. Афіцыйна пра вынікі сустрэчы нічога не паведамлялася.

Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% на 10 гадоў.

У канцы снежня 2016 года прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў, што перамовы праходзяць канструктыўна, але засталіся дзве складаныя групы пытанняў — аб змене тарыфаў ЖКГ і аб удасканаленні працы дзяржсектара эканомікі. „Гаворка ідзе больш пра тэрміны: мы — за больш плаўную дынаміку змены, а партнёры — за больш рэзкую дынаміку зменаў. Мы хочам рабіць пераўтварэнні, узгодненыя з МВФ, але яны павінны адбывацца з адэкватнай хуткасцю, без цяжкіх сацыяльна-эканамічных наступстваў для грамадзян”, — падкрэсліў прэм’ер.

belapan.by