Мядзведзеў Кабякову: Беларусь не атрымае фіксаванай цаны на газ



Прэмʼер-міністар Расеі Дзмітры Мядзведзеў заявіў, што Беларусь не атрымае фіксаванай цаны на расейскі газ.

Паводле Мядзведзева, неабходна ўзгадніць прынцыпы вызначэння цэн, у тым ліку валюту, у якой цана будзе выражацца.

16 чэрвеня расейскі прэмʼер правёў перамовы з прэмʼер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым.

Мядзведзеў заявіў, што «фіксаваных цэн наагул не бывае».

«Нават у Савецкім Саюзе цэны былі фіксаваныя пэўны час, потым партыя ўраду іх або падымала, або потым апускала», — сказаў Мядзведзеў.

Андрэй Кабякоў сказаў, што Беларусь не шукае прэфэрэнцый і мінімальнай цаны на расейскі газ, але хоча мець цану, супастаўную з цэнамі ў яе партнёраў па ЭАЭС.

«Мы хочам, каб… калі будзе адзіны рынак газу, каб гэтая цана для Беларусі па газе была супастаўная нізкай цане газу нашым партнёрам», — цытуе РИА Новости Кабякова.

svaboda.org