Мясніковіч: пасылкі з-за мяжы абвалілі гандаль



Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія замаўляюць праз інтэрнэт-крамы, наўмысна заніжаецца. Пра гэта заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на паседжанні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў Прэзідэнта Беларусі і законаў у Савеце Рэспублікі, паведамляе БелТА.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што за першае паўгоддзе 2015 года жыхары Беларусі атрымалі 4 мільёны 400 тыс. пасылак з таварамі з-за мяжы. «Яны ацэньваюцца ў $ 5, $ 10 … Хоць насамрэч фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, мыта», — сказаў ён. Пры гэтым падкрэсліў: «Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падробка фактычнага кошту. Гэта дазваляе пазбягаць мыта, плацяжоў і гэтак далей».

Раней Міхаіл Мясніковіч прапаноўваў увесці ПДВ на такія пасылкі з таварамі, але з гэтым не пагадзіўся Нацбанк, спаслаўшыся на тое, што праграмнае забеспячэнне не дазваляе зрабіць гэта.

«Я лічу, што гэта няправільны падыход і буду на гэтым настойваць. Калі мы прыходзім у краму, на касе прабіваюць ПДВ, і праграмнае забеспячэнне спрацоўвае. Кожны пакупнік аплачвае падатак. У нас ёсць рэгістрацыя на кожную пасылку. Пры яе ўручэнні цалкам можна гэтае пытанне вырашыць», — дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама лічыць, што падобныя пасылкі абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасці. «І, вядома, гэта вялікія страты для бюджэту», – падкрэсліў ён.

Нагадаем, што 23 лістапада стала вядома, што Еўразійская эканамічная камісія абмяркоўвае ўвядзенне новых збораў і пошлін. Высокая верагоднасць, што ўжо з 2016 года бязмытны парог на пасылкі з-за мяжы знізяць да 150 еўра, але і за такую пасылку давядзецца заплаціць дадаткова 25 еўра.

  • Anonim

    што гэта за эканоміка такая, што праз пасылкі можа ляснуцца? Ха-ха!

Комментарии для сайта Cackle