Мёрскі раён будзе развіваць зялёную эканоміку па гранце ЕЗ



Мёрскі райвыканкам у конкурсе Еўрапейскай камісіі выйграў грант на рэалізацыю праекта „Разам для супольнасці і прыроды: умацаванне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз партнёрства мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”.

Ініцыятыва на 90% будзе фінансавацца Еўрапейскім звязам, агульны бюджэт праекта складзе амаль за 1,1 млн еўра. Партнёрамі райвыканкама ў ім выступаюць грамадская арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскі сельскі форум. Мэта праекта – стварэнне механізму рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця Мёрскага раёна, пабудаванага на партнёрстве мясцовай улады і структур грамадзянскай супольнасці. Гэтая мадэль будзе арыентавана на развіццё ініцыятывы і адказнасці мясцовага грамадства, падтрымку біялагічнай і культурнай разнастайнасці, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, экалагічных аб’ектаў і зялёнай эканомікі.

Усе мерапрыемствы праекта можна падзяліць на некалькі асноўных кампанентаў. Сярод іх распрацоўка дакумента стратэгіі ўстойлівага развіцця рэгіёну і стварэнне органаў па яе рэалізацыі, тэрытарыяльных рабочых груп і Агенцтва мясцовага развіцця. Адбудуцца семінары, трэнінгі, прыродаахоўныя і адукацыйныя мерапрыемствы для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, мясцовых жыхароў, фермераў, прадстаўнікоў аграэкасядзібаў. „Важным кампанентам стане правядзенне брэндынгавай кампаніі. Падчас яе пройдуць экалагічныя святы „Жураўлі І журавіны Міёрскага краю” ў райцэнтры, мясцовыя святы ў Дзісне і вёсцы Пераброддзе”, – адзначылі ў райвыканкаме.

Акрамя таго, будзе аказана фінансавая падтрымка грамадскім арганізацыям, аграэкасядзібам, прадстаўнікам малога бізнэсу.

zviazda.by