МЗС РФ: Падатковы манеўр — гэта суверэннае права Расеі



„Наўрад ці карэктна казаць пра кампенсацыю Беларусі стратаў з-за правядзення ў Расеі падатковага манеўру”, – заявіў намеснік міністра замежных спраў РФ Рыгор Карасін у інтэрв’ю ria.ru.

Ці прыйшлі Расея і Беларусь да адзінай пазіцыі па кампенсацыі за падатковы манеўр? Ці будзе выплачвацца такая кампенсацыя Менску і ў якіх памерах?

– Перш за ўсё, падатковы манеўр – гэта суверэннае права Расеі, таму наўрад ці карэктна гаварыць пра якую б там ні было кампенсацыю. Размова пра магчымае садзейнічанне Беларусі ў змякчэнні наступстваў падатковага манеўру, які праводзіцца ў Расеі. Дадзенае пытанне ў прапрацоўцы, яно будзе вырашана комплексна. У гэтай сувязі даваць якія-небудзь ацэнкі цяпер заўчасна.

Як прасоўваюцца перамовы па выплаце кампенсацый Беларусі з-за надзвычайнага здарэння ў трубаводзе „Дружба”? Беларускі бок, у прыватнасці, прапаноўвае варыянт урэгулявання прэтэнзій шляхам падвышэння тарыфу на 21,7%. Як Масква адносіцца да такой ідэі і які механізм урэгулявання для Расеі быў бы аптымальным?

– Цяпер працягваецца праца па ўрэгуляванні сітуацыі з трапленнем некандыцыйнай нафты ў магістральны нафтавод „Дружба”. Адпаведныя намаганні з расейскага боку каардынуюць Мінэнерга Расеі і ПАО „Транснафта”. Пытанне пра кампенсацыю таксама знаходзіцца ў стадыі разгляду, таму казаць пра канкрэтныя дэталі пакуль заўчасна.