МЗС: Сёлета экспарт беларускай прадукцыі і паслуг у Кітай можа дасягнуць 800 млн даляраў



Сёлета экспарт беларускай прадукцыі і паслуг у Кітай можа дасягнуць 800 млн долараў, паведаміў 4 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай удзелу Беларусі ў міжнароднай выставе імпартнай прадукцыі ў Шанхаі, начальнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі МЗС Сяргей Цярэнцьеў.

„Разлічваем, што прыблізна 800 млн долараў складзе экспарт і тавараў, і паслуг. Баланс гандлю пакуль не на карысць Беларусі, і таму мы працуем над тым, каб перш за ўсё нарошчваць наш экспарт”, — сказаў Цярэнцьеў.

Ён нагадаў, што кіраўнік беларускай дзяржавы паставіў задачу дасягнуць да 2020 года аб’ёму экспарту тавараў і паслуг у Кітай у 1,5 млрд долараў. „І мы працуем над гэтым. Задача амбіцыйная, але яна рэальная. І як раз гэтая выстава праводзіцца з мэтай дасягнення пастаўленай задачы”, — сказаў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн МЗС Беларусі Валерый Садоха ўдакладніў, што „трэба правільна разумець імпарт з Кітая”. „Многія нашы прадпрыемствы прамысловай галіны камплектуюцца кітайскімі вырабамі, дэталямі, вузламі, каб нашу прадукцыю мы маглі потым прадаваць у Кітай. Так што гэта не зусім імпарт”, — заўважыў ён.

„Маштаб кітайскага рынку і ступень яго асваення нашымі экспарцёрамі патрабуе дадатковай працы і МЗС, і нашага цэнтра, і іншых ведамстваў. І мы працуем над гэтым”, — сказаў Садоха.

Ён заўважыў, што Кітай у наступныя пяць гадоў плануе імпартаваць прадукцыі і паслуг на 10 трлн долараў. „Калі мы заваюем хаця б 1% ад гэтага рынку, то гэта будзе вялікім дасягненнем для Беларусі”, — лічыць кіраўнік нацыянальнага цэнтра маркетынгу.

Паводле звестак Белстата, у 2017 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем склаў 3 млрд 106,4 тыс. даляраў, што на 19,4% больш, чым у 2016 годзе, у тым ліку экспарт склаў 362 млн 670 тыс. даляраў (на 23,3% больш), імпарт — 2 млрд 743,7 тыс. (на 28,8% больш). Адмоўнае сальда склала 2 млрд 381,1 тыс. даляраў.

За студзень—ліпень 2018 года тавараабарот павялічыўся на 29% да 1 млрд 971,1 тыс., у тым ліку экспарт склаў 241,2 млн (на 37,1% больш), імпарт — 1 млрд 729,9 тыс. (на 28 % больш). Адмоўнае сальда склала 1 млрд 488,7 тыс. долараў.

belapan.by