На беларускі офіс ПРААН скарачаецца фінансаванне?



Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас абмеркаваў з выканаўчым дырэктарам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Ахімам Штайнерам працу беларускага офіса ва ўмовах скарачэння фінансавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Як паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі, сустрэча прайшла на палях сесіі Генеральнай асамблеі ААН 7 кастрычніка ў Нью-Ёрку (ЗША).

Штайнер паведаміў аб істотным скарачэнні фінансавання ААН. У гэтым кантэксце, адзначае прэс-служба МЗС, бакі абмеркавалі фінансава-эканамічную сітуацыю ў арганізацыі і дзейнасць краінавага офіса ПРААН у Беларусі, уключаючы пытанні яго ўтрымання.

Суразмоўцы таксама абмеркавалі міжнароднае чарнобыльскае супрацоўніцтва. Намеснік міністра замежных спраў расказаў пра тое, што Беларусь плануе ўнесці на 74-ю сесію Генасамблеі ААН праект рэзалюцыі аб доўгатэрміновых наступствах чарнобыльскай катастрофы. У сваю чаргу выканаўчы дырэктар ПРААН пацвердзіў захаванне за ПРААН статусу каардынатара па чарнобыльскім пытанні ў ААН.

Акрамя таго, Дапкюнас праінфармаваў аб пачатку падрыхтоўкі чарговай краінавай праграмы ПРААН на 2021–2025 гады і праведзеных у Менску 25 верасня першых кансультацыях з удзелам шырокага кола нацыянальных партнёраў для вызначэння ключавых кампанентаў новай праграмы.

Цяпер дзейнічае пятая краінавая праграма ПРААН для Беларусі на 2016–2020 гады з агульным абʼёмам фінансавання 82 млн даляраў ЗША. Сярод прыярытэтаў праграмы – умацаванне дзяржаўнага кіравання, дасягненне ўстойлівага эканамічнага росту, пашырэнне ўдзелу жанчын у жыцці краіны, забеспячэнне доступу насельніцтва да шырокага спектру сацыяльных паслуг, прасоўванне здаровага ладу жыцця.

БелаПАН