На БМЗ збіраюць подпісы супраць еўрапейскіх санкцый



Работнікам Беларускага металургічнага завода прапанавана падпісацца пад адкрытым лістом, у якім асуджаецца магчымае ўвядзенне еўрапейскіх санкцый да прадпрыемства.

У еўрапейскія краіны БМЗ летась экспартаваў больш за 40% вырабленай прадукцыі.

На афіцыйнай старонцы прадпрыемства ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” паведамляецца, што 12 мая распачаты збор подпісаў пад адкрытым лістом еўрапейскім партнёрам.

Аўтары звароту адзначаюць, што „розныя некамерцыйныя арганізацыі накіроўваюць на адрас замежных партнёраў БМЗ лісты, у якіх пад надуманымі падставамі заклікаюць спыніць супрацоўніцтва” з заводам. „Сёлета супраць БМЗ пачалася інфармацыйная кампанія, скіраваная на падахвочванне замежных партнёраў да адмовы ад гандлёвых адносін з заводам”, — гаворыцца ў пасланні.

На думку яго аўтараў, „гэты працэс палітычна матываваны і рэалізуецца суб’ектамі, якія не маюць дачынення да дзейнасці БМЗ„.

„Мы рашуча супраць таго, каб нас выкарыстоўвалі як сродак для дасягнення нечых палітычных мэтаў, асабліва калі гэта спалучанае з пагрозамі эканамічнай устойлівасці прадпрыемства. БМЗ — найбуйнейшы ў краіне працадаўца і падаткаплацельшчык. Сёння на заводзе працуе звыш 11 тыс. работнікаў”, — падкрэсліваецца ў звароце.

Спыненне гандлёвых адносін, як і іншыя віды санкцый, прывядуць да таго, што работнікі завода „застануцца без працы і заработнай платы„, а іх сем’і — „без сродкаў да існавання”.

„Таму сёння мы заклікаем вас не паддавацца на інфармацыйныя маніпуляцыі тых, хто выступае за санкцыі і разрыў адносін з БМЗ”, — гаворыцца ў лісце.

Раней французская кампанія Michelin, адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў шын, выказала занепакоенасць з нагоды парушэння правоў чалавека на беларускім заводзе.

Глабальны прафсаюз IndustriALL (выкладае інтарэсы 50 млн работнікаў, занятых у горназдабыўной, энергетычнай і перапрацоўчых галінах у 140 краінах) у лютым звярнуўся да кіраўніцтва БМЗ і таксама выказаў занепакоенасць у сувязі з парушэннямі правоў чалавека на заводзе.

Паводле звестак прафсаюза, работнікаў прадпрыемства звальнялі за тое, што яны адбывалі адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і таму не маглі выйсці на працу. У звароце да кіраўніцтва завода прафсаюз IndustriALL выказаў надзею, што яму „не давядзецца звязвацца” з замежным кліентамі беларускага завода „для забеспячэння поўнага выканання асноўных правоў работнікаў БМЗ”.

БелаПАН

[manual_related_posts]