На куплю кватэр у Менску за тры гады патрачана 2,5 млрд долараў



За 2016—2018 гады на набыццё кватэр у Менску было выдаткавана 2,5 млрд долараў, гаворыцца ў аглядзе рынку жылой нерухомасці сталіцы, які падрыхтавала Нацыянальнае кадастравае агенцтва.

„Усяго за 2016—2018 гады ў сталіцы на куплю кватэр было патрачана больш за 2,5 млрд долараў. У 2018 годзе гадавы абарот (у грашовым выразе) быў на 6% большым, чым у 2017 годзе і на 17% большым, чым у 2016 годзе”, — адзначаюць аўтары агляду.

На канец 2018 года сярэдняя цана квадратнага метра ў здзелках на першасным рынку з аднапакаёвымі кватэрамі была на 12,5% вышэйшай у параўнанні з трохпакаёвымі.

„На працягу 2016—2018 гадоў сярэднія цэны на аднапакаёвыя кватэры на першасным рынку змяняліся ад -2% да 4%. У Менску з канца 2017 года па канец 2018-га рост сярэдняй цаны аднапакаёвай кватэры на першасным рынку склаў усяго 6%”, — канстатуюць аналітыкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

Пры гэтым яны звяртаюць увагу, што на другасным рынку ў 2018 годзе таксама адзначаўся паступовы рост сярэдняй цэны на кватэры.

„На канец года сярэдняя цана квадратнага метра на аднапакаёвыя кватэры павялічылася на 6% у адносінах да студзеня 2018 года”, — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле звестак агенцтва, за мінулы год сярэдні кошт аднапакаёвай кватэры вырас на другасным рынку ў Менску з 1.250 да 1.320 долараў за 1 квадратны метр, на двухпакаёвыя — з 1.140 да 1.230 долараў, на трохпакаёвыя — з 1.100 да 1.190 долараў.

На першасным рынку сярэдняя цана на аднапакаёвыя кватэры вырасла з 1.240 долараў за метр у першым паўгоддзі да 1.260 даляраў у другім паўгоддзі, на двухпакаёвыя — з 1.160 долараў да 1.190 долараў, на трохпакаёвыя — з 1.110 да 1.120 долараў.

Аналітыкі агенцтва звяртаюць увагу, што жыллё ў Менску карыстаецца попытам у насельніцтва, таму забудоўшчыкі будуюць дамы вышэйшыя за 10 паверхаў.

„У сувязі з тым што з кожным годам тэрыторый для будаўніцтва новых шматкватэрных дамоў у сталіцы становіцца ўсё менш, а жадаючых набыць жыллё ўсё больш, новыя дамы будуюцца больш высокай паверхавасці. У 2018 годзе больш за ўсё дамоў было ўведзена ў эксплуатацыю паверхавасцю 16—20 паверхаў. Гэтая тэндэнцыя прасочвалася ў 2016—2017 гадах”, — канстатуюць аналітыкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

belapan.by