На Магілёўшчыне абяцаюць падвоіць вырошчванне фарэлі



Улады Магілёўскай вобласці абяцаюць давесці да канца 2018 года вытворчасць каштоўных парод рыб (фарэлі) да 700 тон у год.

Згодна з Дзяржпраграмай развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады, у Магілёўскай вобласці да 2016 года павінна вырабляцца 1.080 тон каштоўных парод рыбы ў год. Аднак выкананне праграмы правалена, і па выніках гэтага года будзе выраблена толькі каля 300 тон. Пра гэта паведамілі БелаПАН у камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама.

„Праграма, якая раней была зацверджана, не выкананая. Па гэтай праграме павінна было быць пабудавана 10 рыбакомплексаў. На сёння пабудаваныя толькі чатыры рыбакомплексы. На будаўніцтва рыбакомплексаў патрэбныя сур`ёзныя грошы”, — сказаў БелаПАН старшыня аблсельгасхарча Валерый Сямёнаў.

„Чатыры рыбакомплексы сёлета толькі зарадзіліся і пачалі працаваць. Таму ў наступным годзе мы плануем, што выйдзем на 500, у гэтым — каля 300 тон”, — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва вобласці заяўляе аб выхадзе праз два гады на 700 тон у год, разлічваючы на поўную аддачу пабудаваных рыбакомплексаў.

„Чаму мы заяўляем 700 тон? Таму што пад гэты аб`ём пабудаваны рыбакомплекс. Але калі нам будуць выдзелены грошы на далейшае будаўніцтва, то ў нас ёсць праектна-каштарысная дакументацыя і па Асіповічах яшчэ, і па Краснапольскаму раёну. Ёсць добрая праграма, але ў сувязі з тым, што разгулялася вось такая сітуацыя ў эканоміцы, з крызісам гэтым, яна не выконваецца. Таму мы і заяўляем 700 пад факт таго, што мы ўжо маем”, — сказаў чыноўнік, адзначыўшы, што ў 2017 годзе выдзяленне сродкаў на будаўніцтва новых рыбакомплексаў на Магілёўшчыне не прадугледжана.

У Магілёўскай вобласці працуюць фарэлевыя гаспадаркі „Вішаў” у Бялыніцкім раёне, „Лахва” — у Быхаўскім і „Высокае” — у Касцюковіцкім.

Акрамя таго, на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках ёсць комплекс па вырошчванні рыбапасадачнага матэрыялу — ікрынак — да 60-грамовых малькоў фарэлі.

belapan.by