Яўгена Баскіна выпусцілі пад хатні арышт пасля тыдня ў КДБ
У аўторак пад хатні арышт пасля тыдня ў СІЗА КДБ выйшаў Яўген Баскін, генеральны дырэктар і асноўны ўладальнік групы кампаній «Сервалюкс», найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы мяса птушкі. Яўген Баскін – шосты нумар у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі. Паводле інфармацыі суразмоўцаў TUT.BY, Баскін кампенсаваў прад’яўленую яму суму шкоды.
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык 15 сакавіка паведаміў пра затрыманне 15 службовых асобаў «Сервалюкс». „Шкода ад іх супрацьпраўнай дзейнасці – не менш за 370 млрд рублёў», – заяўляў Вакульчык.
У канцы мінулага года ў Беларусі крымінальныя справы былі пачатыя ў дачыненні да дзвюх буйных структур, якія займаліся, як і Баскін, вытворчасцю кармоў і імпартам кармавых дабавак, – «Біякома» „сенатара” Андрэя Паўлоўскага і «Консула» братоў Гільманаў і Віктара Раўкова. Яны абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле інфармацыі крыніц, Раўкоў таксама ўжо выйшаў на волю.
Акрамя таго, працягваецца суд над экс-дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі „сенатарам” Ганнай Шарэйкай. Пасля яе затрымання Баскіна падазравалі ў ліквідацыі канкурэнтаў, але сур’ёзных аргументаў на карысць гэтай здагадкі не было. Сам Баскін заяўляў, што тэзіс аб «ліквідацыі» канкурэнта «выглядае недарэчна і абсурдна”.