На якія эканамічныя саступкі гатова ісці Расея?



Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што Масква з неахвотай будзе прымаць эканамічныя прапановы беларускага боку.

Падчас перамоў па інтэграцыі Беларусь хацела б атрымаць кампенсацыю з-за падатковага манеўра Расеі, зняцця бар’ераў для беларускіх тавараў на расейскім рынку, а таксама танныя кошты на нафту і газ. Ці пойдзе на гэта Масква?

Барыс Жаліба: Калі б Крэмль быў гатовы пайсці на вялікія эканамічныя саступкі, то ў Сочы нейкія дакументы ўсё-такі падпісалі б. Але гэтага не адбылося. Калі гэта пераносіцца, то відавочна, што Беларусь гандлюецца, а Расея трымае цану.

Як мы ведам, падатковы манеўр перанеслі на два гады, патрэбен пераход на расейскае падатковае заканадаўства, а гэта патрабуе дастатковага часу. Таму невядома, ці падпішуць якія-небудзь дакументы наогул у бліжэйшы час.

РР: Што патрабуе Расея?

Барыс Жаліба: Перайсці на яе гаспадарчае заканадаўства і ў ідэале – пераход на расейскі рубель. Але беларускія ўлады разумеюць – пакуль у нас будзе свая нацыянальная валюта, мы будзем захоўваць суверэнітэт.

РР: Як быццам дамовіліся, што Рассельгаснагляд зараз не будзе блакаваць беларускую прадукцыю…

Барыс Жаліба: Гэта, безумоўна, саступка з боку Расеі. Але ж зразумела, што за ўсё трэба плаціць, а мы не ведаем, што Масква запатрабавала ўзамен.

А ўвогуле, асноўнае, чаго жадае Беларусь, – гэта танныя цэны на нафту і газ. Не думаю, што на гэта пойдуць, хаця магчымы розныя кампрамісы. Пытанне ў тым: колькі і чым за гэта давядзецца заплаціць?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя