Набыла моц пастанова ўрада №590



З 23 кастрычніка 2015 года набыла моц пастанова  ўрада №590, якая істотна спрошчвае рэалізацыю праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі. Цяпер атрымальнікі міжнароднай дапамогі складаюць пакет дакумантаў у Міністэрства эканомікі, якое ажыццяўляе рэгістрацыю праекта. Прычым, колькасць дакументаў істотна скарочана – патрабуецца толькі суправаджальны ліст, заява аб рэгістрацыі, сам праект і яго пашпарт.

Даўно чаканыя новаўводзіны паспрыяюць пашырэнню стасункаў з Еўразвязам і прыцягненню значных фінансавых сродкаў у краіну – такое меркаванне выказаў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз” Сяргей Каляда:

– Мы сапраўды выбіраем вельмі малую квоту. Нам трэба памяняцца і зразумець, што гэта сапраўдныя грошы. Увесь свет сёння гаворыць пра інвестыцыі. Усе разумеюць, што інвестыцыі – гэта жыццё. Немагчыма, каб бізнес працаваў без грошай.

Новая пастанова ўрада скасоўвае абавязковае ўзгадненне з мясцовымі ўладамі правядзення семінараў і канферэнцый у межах рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, а таксама ўводзіць новы механізм узаемадзеяння паміж удзельнікамі праектнай дзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота economics.unian.net