Найбуйнейшыя вытворцы тэлевізараў адмовіліся ад 3D



Апошнія пару гадоў 3D-тэлебачанне няўхільна губляла папулярнасць, і вось цяпер яно афіцыйна пакінула нас. Як паведамляецца, LG і Sony, адны з найбуйнейшых вытворцаў тэлевізараў з 3D, заявілі пра спыненне падтрымкі функцыі ў 2017 годзе. Нават топавыя мадэлі іх лінеек будуць выходзіць без магчымасці паказваць аб’ёмнае відэа.

Samsung спыніў падтрымку 3D яшчэ ў мінулым годзе, і на мінулай тэхнавыставе CES 2017 ні адзін з мноства тэлевізараў розных марак не мог пахваліцца наяўнасцю гэтай тэхналогіі.

Цікавасць да яе з’явілася на хвалі поспеху фільма «Аватар» у 2010 годзе — тады большасць кампаній пачала выпускаць 3D-тэлевізары. У 2012 годзе чвэрць усіх прададзеных тэлевізараў прыпадала на мадэлі з 3D, а ў 2016 годзе — усяго 8%. Згодна з даследаваннямі вытворцаў, пакупнікі пры выбары больш не кіруюцца наяўнасцю тэхналогіі аб’ёмнага малюнка, надаючы больш увагі прысутнасці 4К, HDR і памеру экрана.

Паводле cnet.com