Насельніцтва лічыць за лепшае захоўваць зберажэнні ў замежнай валюце



Насельніцтва Беларусі чакае паступовага зніжэння інфляцыі, але па-ранейшаму лічыць за лепшае захоўваць зберажэнні ў замежнай валюце. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, якія апублікаваў Нацбанк.

У ходзе майскага апытання 76,2% рэспандэнтаў заявілі, што лічаць за лепшае захоўваць зберажэнні ў замежнай валюце, тады як на карысць нацыянальнай валюты выказаліся 23,8%. У лютым гэтыя суадносіны складалі 70,7% і 29,3% адпаведна.

Пры гэтым фізічныя асобы чакаюць, што інфляцыя ў краіне будзе паступова запавольвацца. Паводле адчуванняў насельніцтва (усярэдненая ацэнка), за апошні год спажывецкія цэны выраслі на 12,9%. Апытаныя таксама чакаюць, што ў бліжэйшыя 12 месяцаў спажывецкія цэны вырастуць на 11,4% (лютаўская ацэнка — 11,6%).

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у красавіку інфляцыя ў Беларусі склала 5% (у гадавым выражэнні ў параўнанні з красавіком 2017 года) і 2,8% — у параўнанні са снежнем.

Першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі на мінулым тыдні заявіў, што ў маі ў краіне назіралася дэфляцыя.

Тэма інфляцыі падымалася на пашыраным праўленні Нацбанка ў канцы красавіка. Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын канстатаваў, што інфляцыйныя чаканні насельніцтва застаюцца высокімі і адчувальная і чаканая інфляцыя больш чым удвая перавышае яе фактычны ўзровень.

„У аснове гэтых адзнак ляжыць, перш за ўсё, псіхалагічны фактар. Насельніцтва будуе свае здагадкі датычна будучай інфляцыі згодна з назіраннямі за бягучай і мінулай цэнавай дынамікай, якая на працягу доўгага перыяду часу ў мінулым характарызавалася высокімі тэмпамі”, — сказаў Мурын.

Дадатковым фактарам, якія перашкаджаюць зніжэнню інфляцыйных чаканняў, паводле яго слоў, з’яўляецца недасканаласць палітыкі адміністрацыйнага цэнавага рэгулявання.

„Частыя і нескаардынаваныя рашэнні дзяржаўных органаў аб павышэнні цэн і тарыфаў фармуюць у насельніцтва адчуванне пастаяннага росту цэн. Пры гэтым рэгуляваныя цэны і тарыфы часцяком павышаюцца дзяржавай на велічыню, якая перавышае ўстаноўлены мэтавы параметр па інфляцыі”, — падкрэсліў Мурын.

Такім чынам, рэзюмаваў ён, вышэйпералічаныя фактары „сфарміравалі перадумовы для некаторага ўзмацнення інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў”.

Сёлета ўрад збіраецца ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 6%. У 2017-м рост спажывецкіх цэн у Беларусі склаў 4,6%.

belapan.by

[manual_related_posts]