Насельніцтва ў жніўні ўзяло крэдытаў больш, чым за мінулыя чатыры месяцы



Фізічныя асобы ў жніўні істотна павялічылі попыт на спажывецкія крэдыты, сведчаць статдадзеныя Нацыянальнага банка.

Паводле звестак Нацбанка, на 1 кастрычніка завінавачанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах склала 5.884,2 млн рублёў і павялічылася за жнівень на 140,5 млн рублёў, або на 2,4%.

Сёлета дынаміка спажывецкага крэдытавання носіць нераўнамерны характар. Так, у першым квартале на фоне росту курсу долара і ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў завінавачанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 6,5% да 5.838,7 млн рублёў на 1 красавіка.

За другі квартал (на фоне стабілізацыі курсаў замежных валют і скарачэння ўнутранага попыту, выкліканага пандэміяй) завінавачанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах знізілася на 2,3% да 5.704 млн долараў.

Аднавіўся рост спажывецкага крэдытавання ў ліпені, які паскорыўся ў жніўні. За ліпень—жнівень завінавачанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах вырасла на 3,2%.

Прадстаўнікі банкаўскага сектара ў прыватных размовах паведамілі карэспандэнту БелаПАН, што павелічэнне попыту на спажывецкія крэдыты ў жніўні было звязанае з ростам дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва на фоне прэзідэнцкіх выбараў.

„Гэта класічная гісторыя. Калі ў насельніцтва ўзнікаюць дэвальвацыйныя чаканні, фізасобы забіраюць рублёвыя дэпазіты і бяруць рублёвыя крэдыты. І тое, і іншае для таго, каб перайсці ў цвёрдую валюту альбо купіць тавары працяглага карыстання, якія з-за росту валютных курсаў могуць падаражэць”, — растлумачыў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

У сувязі з націскам на валютны рынак, выкліканым ростам попыту насельніцтва на рублёвыя крэдыты, Нацбанк у трэцяй дэкадзе жніўня абмежаваў даванне банкам рублёвай ліквіднасці (гэтае рашэнне рэгулятара дзейнічала да сярэдзіны верасня, але затым было працягнутае да 13 кастрычніка).

У сваю чаргу, камерцыйныя банкі, сутыкнуўшыся з павышаным попытам насельніцтва на рублёвыя крэдыты і абмежаваннямі Нацбанка, у жніўні—верасні масава прыпынілі альбо абмежавалі выдачу крэдытаў фізічным асобам.

belapan.by