Нацбанк, „Беларусбанк” і „Белаграпрамбанк” падпісалі дагавор аб стварэнні „Белінкасгруп”



9 лютага ў Нацыянальным банку падпісаны дагавор аб стварэнні ААТ „Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя „Белінкасгруп”. Дакумент падпісалі старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, намеснік старшыні праўлення ААТ „АСБ „Беларусбанк” Сяргей Мельнік і старшыня праўлення ААТ „Белаграпрамбанк” Анатоль Лысюк.

Умовамі дагавора доля ўдзелу Нацбанка ў ствараным акцыянерным таварыстве вызначаная ў памеры 44%, ААТ „АСБ „Беларусбанк” — 49%, ААТ „Белаграпрамбанк” — 7%.

На першым устаноўчым сходзе старшынёй праўлення „Белінкасгруп” прызначаны Андрэй Пасканой.

У найбліжэйшай перспектыве плануецца выкананне працэдурных пытанняў па фармаванні грашовай часткі статутнага фонду НКФА і падача заявы на дзяржаўную рэгістрацыю „Белінкасгруп”.

ААТ „Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя „Белінкасгруп” ствараецца з мэтай скарачэння агульнадзяржаўных выдаткаў і павышэння эфектыўнасці функцыянавання банкаўскай сістэмы. Асноўнымі задачамі „Белінкасгруп” будуць спрыянне Нацбанку ў забеспячэнні наяўнага грашовага абароту, арганізацыя цэнтралізаванай сістэмы збору, апрацоўкі і дастаўкі наяўных грашовых сродкаў і іншых каштоўнасцяў пры аказанні касава-інкасатарскіх паслуг банкаўскай сістэме Беларусі, суб’ектам гаспадарання, правядзенне касавых аперацый.

„Стварэнне спецыялізаванай арганізацыі з прымяненнем перадавога вопыту і лепшых сусветных практык дазволіць рэалізаваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь інавацыйную мадэль наяўнага грашовага абароту. Новыя прынцыпы ўзаемадзеяння ўдзельнікаў рынку банкаўскіх паслуг дазволяць захаваць цэнтралізаваную кіравальнасць наяўным грашовым абаротам і арганізаваць эфектыўны абарот грашовай наяўнасці”, — заяўляюць у Нацбанку.   БелаПАН