Нацбанк чакае інфляцыю паводле вынікаў года на ўзроўні 6%



Стаўка рэфінансавання захаваецца на ўзроўні 7,75% гадавых. Такое рашэнне прынятае праўленнем Нацыянальнага банка паводле вынікаў дадатковага пасяджэння 14 кастрычніка па грашова-крэдытнай палітыцы.

„У апошнія месяцы інфляцыя паскорылася і склалася вышэйшай, чым чакалася. У верасні 2020 года гадавы прырост спажывецкіх цэн склаў 6,1%. У большай ступені такая дынаміка інфляцыі абумоўленая ростам цэн на імпартныя тавары ў сувязі з аслабленнем беларускага рубля ў жніўні на фоне павышанага попыту на замежную валюту”, — абгрунтоўвае прынятае рашэнне Нацбанк.

Згодна з ацэнкамі рэгулятара, прырост спажывецкіх цэн паводле вынікаў 2020 года складзе прыблізна 6%.

„Пры гэтым уздзеянне аслаблення беларускага рубля будзе абумоўліваць павышаны інфляцыйны фон у кароткатэрміновы перыяд. У сярэднетэрміновай перспектыве прагназуецца перавага працяглых дэзінфляцыйных фактараў, што будзе спрыяць вяртанню інфляцыі да мэтавай траекторыі блізу 5%”, — прагназуе Нацбанк.

Як паведамлялася, інфляцыя на 2020 год была запланаваная ў 5%. Згодна са звесткамі БелаПАН, праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады, які распрацавалі ўлады, прадугледжвае зніжэнне інфляцыі да 4,5% у наступнай пяцігодцы.

Між тым у студзені—верасні тэмпы росту спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні паскорыліся да 6,1% (супраць 5,6% у студзені—жніўні і 5,2% у студзені—ліпені).

Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі назіраўся павышаны попыт на замежную валюту. У выніку гэтага курсы замежных валют у жніўні выраслі на 8%, што справакавала рост інфляцыі ў верасні.

belapan.by