Нацбанк: Інфляцыйныя чаканні насельніцтва Беларусі значна выраслі



Адчуваны насельніцтвам Беларусі ўзровень гадавой інфляцыі, а таксама інфляцыйныя чаканні насельніцтва істотна выраслі, сведчаць дадзеныя апытання Нацыянальнага банка.

Як паведамляе рэгулятар, па выніках сакавіцкага апытання адчуваны насельніцтвам узровень гадавой інфляцыі склаў 12,9% супраць 10,1% у лістападзе мінулага года.

У той жа час чаканы ўзровень інфляцыі на найбліжэйшыя 12 месяцаў па выніках сакавіцкага апытання склаў таксама 12,9% супраць 11,3% у лістападзе мінулага года.

Пры гэтым вынікі апытання, праведзенага па замове Нацбанка, сведчаць, што на фоне адносна высокіх інфляцыйных чаканняў насельніцтва аддае перавагу захоўваць зберажэнні ў замежнай валюце. Падчас сакавіцкага апытання аб такім жаданні заявілі 84,6% рэспандэнтаў, у беларускіх рублях зберажэнні гатовыя захоўваць толькі 15,4% апытаных.

Нагадаем, у апошнія месяцы інфляцыйныя працэсы паскорыліся і па выніках студзеня—лютага спажывецкія цэны ў гадавым выражэнні выраслі да 8,7%.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю патлумачыла паскарэнне інфляцыі ростам цэн на імпартныя прадукты харчавання і эфектам ад адмены падатковых ільгот для пастаўшчыкоў лекаў.

Для запаволення тэмпаў росту цэн урад у лютым узмацніў дзяржрэгуляванне цэн. Пастаўшчыкам 112 найменняў тавараў і лекаў было забаронена пачынаючы з сакавіка павышаць цэны больш чым на 0,2% у месяц.

Разам з тым эканамісты Сусветнага банка мяркуюць, што такія меры наўрад ці дазволяць стрымаць інфляцыйныя працэсы ў краіне.

„Нядаўна ўведзены кантроль цэн малаверагодна стрымае інфляцыю, але пры пэўных умовах можа выклікаць недахоп некаторых тавараў”, — лічаць эканамісты Сусветнага банка і прагназуюць, што па выніках 2021 года спажывецкія цэны вырастуць на 8,2% (інфляцыя ў Беларусі ў 2020 годзе склала 7,4%).

У сваю чаргу эканамісты Еўразійскага банка развіцця мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі ў першым квартале будзе заставацца высокай (вышэйшай за 8% у гадавым вылічэнні), але па выніках 2021 года (на фоне адноснай валютнай стабільнасці ў Беларусі і ў выпадку стабілізацыі цэн на сусветным рынку харчавання) знізіцца да 6,6%.

Інфляцыйныя чаканні насельніцтва Беларусі традыцыйна вышэйшыя за афіцыйны ўзровень інфляцыі. На думку экспертаў, гэта абумоўлена суб’ектыўнымі адчуваннямі грамадзян, а таксама тым, што афіцыйны індэкс спажывецкіх цэн не ўлічвае ў поўнай меры спажывецкія выдаткі насельніцтва.

belapan.by