Нацбанк мае намер абмежаваць штрафныя санкцыі банкаў па крэдытных дагаворах



У Беларусі плануюць абмежаваць штрафныя санкцыі банкаў у дачыненні да крэдытаатрымальнікаў, якія неналежным чынам выконваюць абавязацельствы па крэдытных дагаворах. Адпаведныя змены плануе ўнесці ў Банкаўскі кодэкс Нацыянальны банк, пра што банкаўскую супольнасць праінфармавала Асацыяцыя беларускіх банкаў.

У прыватнасці адзін з артыкулаў Банкаўскага кодэкса прадугледжваецца дапоўніць нормай аб тым, што ў выпадку невыканання (неналежнага) выканання крэдытнага дагавора памер няўстойкі (штрафу, пені) і іншых плацяжоў, звязаных з кампенсацыяй расходаў банка, „у год не можа перавышаць па кароткатэрміновых крэдытах 20% ад сумы дадзенага крэдыту, па доўгатэрміновых крэдытах — 10% ад сумы дадзенага крэдыту”.

Пры гэтым у выпадку дасягнення „сумы няўстойкі (штрафаў, пені) сумы пратэрмінаванай запазычанасці налічэнне няўстоек (штрафаў, пені) спыняецца”.

Такія нормы Нацбанк мае намер уключыць у заканадаўства з улікам практыкі замежных краін, у тым ліку Польшчы і Германіі.

На думку Нацыянальнага банка, прапанаваная методыка абмежавання плацяжоў, звязаных з кампенсацыяй расходаў банка ў выпадку неналежнага выканання крэдытаатрымальнікам абавязацельстваў, з’яўляецца набліжанай да той, што выкарыстоўваецца ў іншых краінах.

„Разам з тым пры разглядзе названай рэдакцыі была выказаная прапанова ўсталяваць абмежаванні фінансавых санкцый, якія ўжываюцца банкамі да крэдытаатрымальнікаў, у памеры, што разлічваецца ў працэнтах гадавых ад сумы нявыкананых абавязацельстваў, а не ад сумы дадзенага крэдыту”, — паведаміла банкаўскай супольнасці Асацыяцыя беларускіх банкаў.

Пытанне аб памеры штрафных санкцый раней неаднаразова ўздымаў перад банкаўскай сістэмай Нацыянальны банк. Яшчэ ў 2017 годзе рэгулятар у сваіх лістах звяртаў увагу на тое, што банкі ўсталёўваюць павышаную працэнтную стаўку ў выпадку ўзнікнення ў кліентаў пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах.

„Варта адзначыць, што празмерна высокі ўзровень працэнтных ставак, якія прымяняюцца да такіх крэдытаатрымальнікаў, а таксама спагнанне штрафаў (пені) спрыяюць яшчэ большаму пагаршэнню іх складанага фінансавага становішча і могуць перашкаджаць рэалізацыі мер па яго паляпшэнні”, — адзначаў Нацбанк.

У 2018—2019 гадах Нацбанк таксама выказваўся аб адэкватнасці штрафных санкцый па крэдытных дагаворах. „Акцэнтуем увагу на неабходнасць зніжэння павышанага памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам для крэдытаатрымальнікаў, якія не вярнулі (не пагасілі) крэдыт у тэрмін, а таксама няўстойкі (штрафу, пені) за несвоечасовае выкананне абавязацельстваў па крэдытнай дамове ў мэтах змяншэння цяжару на крэдытаатрымальнікаў”, — падкрэслівалася ў адным з лістоў рэгулятара камерцыйным банкам.

belapan.by

[manual_related_posts]