Нацбанк не плануе мяняць свае падыходы на валютным рынку



Нацыянальны банк ужо некалькі гадоў праводзіць курсавую палітыку ў рэжыме плавальнага абменнага курсу, і мяняць падыходы на валютным рынку цэнтральны банк у 2021 годзе не плануе, гаворыцца ў адказе Нацбанка на запыт БелаПАН.

Варта адзначыць, што летась на фоне ажыятажнага попыту на замежную валюту на ўнутраным рынку Нацбанк прадаў 2 млрд даляраў. У сувязі з гэтым БелаПАН цікавіўся ў рэгулятара, якая сітуацыя на валютным рынку чакаецца сёлета.

„Цяпер абменны курс беларускага рубля, паводле нашых ацэнак, застаецца блізу свайго раўнаважкага ўзроўню, попыт і прапанова на ўнутраным валютным рынку — у цэлым збалансаванымі. Калі эканоміка не сутыкнецца з неспадзяванымі выклікамі, то такая сітуацыя захаваецца і найбліжэйшым часам”, — паведаміў Нацбанк.

Каментуючы паводзіны Нацбанка на валютным рынку, спецыялісты цэнтральнага банка адзначылі, што „дапускаецца правядзенне валютных інтэрвенцый для згладжвання рэзкіх ваганняў курсу беларускага рубля, якія фармуюць пагрозу для фінансавай стабільнасці”.

„Акрамя таго, магчымая купля валюты для папаўнення золатавалютных рэзерваў у выпадку, калі на рынку складваецца ўстойлівая чыстая прапанова замежнай валюты. Мяняць гэтыя падыходы мы не плануем”, — паведамілі ў Нацбанку.

Сёлета на валютным рынку назіраецца рознанакіраваная дынаміка. Паводле звестак Нацбанка, у студзені—лютым насельніцтва купіла замежнай валюты на 201,4 млн даляраў больш, чым прадало.

Нерэзідэнты выступілі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты — у студзені—лютым яны прадалі замежнай валюты на 134 млн больш, чым купілі.

Прадпрыемствы-рэзідэнты паводле вынікаў студзеня—лютага купілі замежнай валюты на 127,2 млн даляраў больш, чым прадалі.

Банкі ў студзені—лютым куплялі замежнай валюты больш, чым прадавалі. За гэты перыяд чыстая купля замежнай валюты з боку банкаў склала 161,8 млн даляраў. Варта адзначыць, што чыстая купля замежнай валюты з боку банкаў можа быць звязаная з рэструктурызацыяй даўгоў у карпаратыўным сектары.

Як паведаміў Нацбанк 5 сакавіка, у лютым „попыт на замежную валюту на ўнутраным рынку быў у асноўным абумоўлены рэалізацыяй мерапрыемстваў па пераводзе крэдытнай запазычанасці асобных прадпрыемстваў з замежнай валюты ў беларускія рублі”.

belapan.by