Нацбанк не рэкамендуе банкам актыўна пераафармляць валютныя крэдыты ў рублёвыя



Нацбанк не рэкамендуе банкам актыўна пераафармляць валютныя крэдыты ў рублёвыя.

Нацыянальны банк не рэкамендуе камерцыйным банкам у бягучым годзе актыўна пераафармляць валютныя крэдыты ў рублёвыя.

Паводле інфармацыі БелаПАН, цэнтральны банк мяркуе, што актыўная замена валютных абавязацельстваў прадпрыемстваў на рублёвыя абавязацельствы (крэдыты) у бягучым годзе можа прывесці да падвышанага попыту на замежную валюту з боку банкаў.

Варта зазначыць, што ў папярэднія гады Нацбанк праводзіў палітыку дэвалютызацыі, якая прадугледжвала скарачэнне долі валютнага складніка ў дэпазітным і крэдытным партфелях камерцыйных банкаў.

Як сведчаць афіцыйныя статдадзеныя, на 1 студзеня 2021 года прыблізна палова крэдытнага партфеля беларускіх банкаў была намінаваная ў замежнай валюце.

Так, завінавачанасць па крэдытах, выдадзеных банкамі сектарам эканомікі, на 1 студзеня 2021 года складала каля 58,7 мільярда рублёў, у тым ліку рублёвая завінавачанасць — амаль 31 млрд рублёў, валютная завінавачанасць — больш за 27,7 млрд рублёў у эквіваленце (10,77 млрд у доларах ЗША).

У студзені гэтага года Аляксандр Лукашэнка даручыў банкаўскай сістэме прыцягваць дадатковыя рэсурсы для крэдытавання эканомікі.

„Калі эканомікі не будзе — не будзе банкаўскай сістэмы. І ў людзей не будзе грошай. Таму эканоміка перш за ўсё. Без эканомікі не будзе ніякіх фінансаў. Зразумела, што павінен быць разумны баланс. Зразумела, што паветраных грошай даўно ўжо няма і не будзе. Усе гэта павінны выдатна разумець. Але, тым не менш, трэба адшукваць магчымасць крэдытавання рэальнага сектара эканомікі перш за ўсё”, — заявіў Лукашэнка ў студзені гэтага года.

Пры гэтым ён даў зразумець, што неабходна прыцягваць рэсурсы для крэдытавання нацыянальнай эканомікі ў тым ліку і ў замежнай валюце.

„Трэба працаваць з усімі — і еўрапейцамі, і амерыканцамі. Але ёсць і азіяцкі рынак. Грошай сёння ў свеце мора. І тым больш нічым не забяспечаных, надрукаваных, укінутых і гэтак далей. Іх трэба неяк звязваць, усе ж гэта разумеюць”, — заўважыў Лукашэнка, даручаючы прыцягнуць замежнае фінансаванне пад рэалізацыю беларускіх праектаў.

belapan.by