Нацбанк прапаноўвае забараніць фінансаваць дэфіцыт бюджэту за кошт эмісіі



У Беларусі прапаноўваецца забараніць фінансаванне дэфіцыту бюджэту за кошт грашовай эмісіі. Такая норма ўтрымліваецца ў законапраекце аб унясенні змяненняў у законы па пытаннях банкаўскай дзейнасці, які падрыхтаваў Нацбанк.

У абгрунтаванні гаворыцца, што прапанаваны дадатак артыкула 55 Банкаўскага кодэкса „выключае магчымасць ажыццяўлення фінансавання дэфіцыту бюджэту за кошт эмісійных рэсурсаў Нацыянальнага банка” шляхам куплі дзяржаўных каштоўных папер пры іх першасным размяшчэнні.

На думку Нацбанка, гэта мера „з’яўляецца неабходнай умовай забеспячэння жорсткага кантролю за эмісіяй з мэтай забеспячэння цэнавай стабільнасці і макраэканамічнай збалансаванасці ў цэлым”.

Беларускія эканамісты падтрымліваюць забарону на фінансаванне дэфіцыту бюджэту за кошт эмісійнага фінансавання.

„Сучасная гісторыя Беларусі звязаная з празмерна высокай інфляцыяй, паколькі ў нас часта спрабавалі „газы” ў выглядзе эмісіі „падліць” у эканоміку для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць. Аднак падзеі апошняга дзесяцігоддзя паказалі, што такая практыка не ўстараняла прычын эканамічных праблем, а выклікала двухзначную інфляцыю”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшыня назіральнага савета даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

Паводле яго слоў, калі ад эмісіі ў 2015 годзе дзяржава стала адмаўляцца, то „і інфляцыя хутка знізілася да адназначных велічынь, і ўдалося стабілізаваць сітуацыю з валютным курсам беларускага рубля”.

„Таму забарону на выкарыстанне эмісіі для фінансавання дэфіцыту бюджэту падтрымліваю. Дай волю любыя праблемы, якія ўзнікаюць у эканоміцы, вырашаць з дапамогай эмісіі, так і будзе адбывацца”, — лічыць Пеліпась.

На думку экспертаў, прапанова Нацбанка забараніць выкарыстоўваць эмісію для фінансавання дэфіцыту бюджэту — спроба абараніць фінансавую і цэнавую стабільнасць ад валюнтарысцкіх рашэнняў, якія могуць быць ініцыяваныя асобнымі ведамствамі.

„Гэта норма — гэта страхоўка для Нацбанка на выпадак, калі на фоне дэфіцыту бюджэту цэнтральны банк будуць прымушаць выкарыстоўваць эмісійныя рэсурсы для вырашэння праблем у сферы дзяржфінансаў. Нацбанк ініцыюе прэвентыўныя меры для таго, каб праблемы, якія выяўляюцца ў рэальным сектары і ў бюджэце, не прывялі да ўзнікнення крызісу ў фінансавым сектары”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук.

Як паведамлялася, дэфіцыт бюджэту ў студзені—жніўні 2020 года склаў 1,6 млрд рублёў. Мінфін мяркуе, што ў залежнасці ад сцэнарыяў развіцця падзей у эканоміцы бюджэт па выніках года можа быць выкананы з дэфіцытам у памеры ад 3 да 5 млрд рублёў. Фінансаваць дэфіцыт бюджэту ў гэтым годзе Мінфін плануе за кошт назапашаных рэшткаў у папярэднія гады.

belapan.by