Нацбанк разлічвае прадаць „Банк Масква-Мінск” у наступным годзе



Нацыянальны банк Беларусі разлічвае прадаць у 2019 годзе падкантрольны яму „Банк Масква-Мінск”, паведаміў 20 снежня на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.

„Стаіць задача ў наступным годзе гэтую здзелку завяршыць. Ці будзе яна рэалізаваная, залежыць ад шматлікіх фактараў. У тым ліку ад таго, наколькі інвестары будуць гатовыя гэтую здзелку здзейсніць, як яны ацэньваюць нашы краінавыя рызыкі”, — распавёў Калаур.

„Будзем разлічваць на тое, што калі не завершым у наступным годзе гэтую здзелку, то, прынамсі, вельмі сур`ёзна прасунемся”, — дадаў кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, найбольш актыўнымі патэнцыяльнымі інвестарамі ў частцы цікавасці да гэтай здзелкі з`яўляюцца банкаўскія ўстановы Турцыі і Кітая. „У нас няма цэнавых прапаноў, якія абмяркоўваюцца, гэта задача наступнага года”, — адзначыў Калаур.

ААТ „Банк Масква-Мінск” — універсальны камерцыйны банк, уваходзіць у топ-10 найбуйнейшых банкаў Беларусі. Асноўным акцыянерам з`яўляецца Нацыянальны банк. Усяго ў банку абслугоўваецца больш за 10 тыс. юрыдычных асоб.

belapan.by