Нацбанк: Рызыка імпарту дэвальвацыйных працэсаў з Расеі аб’ектыўна вялікая



„Рызыка таго, што ў наступным годзе мы сутыкнемся з імпартам інфляцыйна-дэвальвацыйных працэсаў і іншых шокаў з Расейскай Федэрацыі, аб’ектыўна вялікі”, — заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур на прэс-канферэнцыі 20 снежня ў Менску.

Паводле яго слоў, „паменшыць негатыўны эфект можна толькі правядзеннем узважанай і адказнай грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку праз своечасовую і адэкватную рэакцыю з дапамогай працэнтнага і курсавога канала”. „Калі гэтых мер будзе недастаткова, дапоўнім іх выкарыстаннем больш шырокага спектра інструментаў макрапрудэнцыйнай палітыкі”, — сказаў Калаур.

Пры гэтым, працягнуў кіраўнік Нацбанка, больш высокую валатыльнасць курсу нацыянальнай валюты варта ўспрымаць як індыкатар нізкай дыверсіфікацыі знешнегандлёвых аперацый Беларусі.

Як падкрэсліў Калаур, склад і ўдзельная вага ў валютным кошыку найбліжэйшым часам пераглядацца не будуць. На гэты момант ён аптымальна ўлічвае структуру знешняга гандлю.

„І, апярэджваючы частае пытанне, які будзе курс беларускага рубля на канец года, адразу адкажу: курс будзе справядлівым. Дынаміка курсу беларускага рубля фармуецца пад уздзеяннем прапановы і попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку”, — заявіў кіраўнік Нацбанка.

Ён падкрэсліў, што выкарыстанне механізма гнуткага курсаўтварэння дазваляе аператыўна рэагаваць на праявы знешніх і ўнутраных шокаў, пазбягаючы фармавання дэвальвацыйнага навесу і, як следства, рэзкага аднамомантавага абясцэнення нацыянальнай валюты.

belapan.by