Нацбанк: У 2018 годзе захаваецца агульная накіраванасць на лібералізацыю валютнай сістэмы



У 2018 годзе ў Беларусі захаваецца агульная накіраванасць на лібералізацыю валютнай сістэмы па меры фарміравання адпаведных спрыяльных умоў, гаворыцца ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год, якія Нацыянальны банк апублікаваў 4 студзеня.

У дакуменце паведамляецца, што Нацбанк сумесна з урадам прадугледжвае рэалізацыю мер па зніжэнні ўзроўню даларызацыі эканомікі. Адначасова дзеянні галоўнага банка краіны будуць накіраваныя на адмену абавязковага продажу валютнай выручкі і мэтавай куплі замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, адзначаецца ў дакуменце.

Захаваецца накіраванасць дзеянняў Нацыянальнага банка на стымуляванне банкаў да прыцягнення зберажэнняў насельніцтва і юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце пераважна на працяглыя тэрміны за кошт больш прывабных умоў.

Як паведамляў БелаПАН, беларускія ўлады плануюць у найбліжэйшы час прыняць рашэнне аб адмене мэтавай куплі замежнай валюты на ўнутраным рынку.

З 1990-х у Беларусі дзейнічае мэтавая купля замежнай валюты. Прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць купіць замежную валюту на ўнутраным рынку толькі на пэўныя мэты.

У прыватнасці, дазволена купляць валюту для выканання абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, але пры гэтым не дапускаецца набыццё замежнай валюты для яе размяшчэння ва ўклад. Купля замежнай валюты для разлікаў з рэзідэнтамі таксама абмежаваная. Купіць замежную валюту на ўнутраным рынку юрыдычныя асобы да гэтага часу могуць толькі для выплаты супрацоўнікам камандзіровачных расходаў, а таксама для разлікаў з банкам па пагашэнні крэдытаў.

Пасля адмены мэтавай куплі прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць купляць замежную валюту ў неабмежаваным аб’ёме і распараджацца ёю згодна са сваім меркаваннем.

Акрамя таго, у 2018 годзе ў Беларусі плануюць цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі. Як паведамлялася раней, 1 кастрычніка нарматыў абавязковага продажу замежнай валюты ў Беларусі быў паніжаны з 20% да 10%.

belapan.by