Нацбанк выдаў банкам 50 млн рублёў на падтрымку ліквіднасці



Нацыянальны банк правёў крэдытны аўкцыён № 746 і выдзеліў камерцыйным банкам 50 млн рублёў на падтрымку ліквіднасці, паведамляе рэгулятар.

Рэсурсы выдзеленыя па стаўцы 10,50% гадавых на 180 дзён. „Да аўкцыёну было дапушчана 18 заявак ад 13 банкаў на агульную суму 1.243,8 млн рублёў. Прынятае рашэнне ўстанавіць аб`ём крэдытаў у суме 50 млн рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Такім чынам, фармальна Нацбанк задаволіў 4% заявак банкаў, якія звярнуліся да яго па падтрымку ліквіднасці.

У рамках папярэдніх крэдытных аўкцыёнаў Нацбанк таксама абмяжоўваў выдзяленне рублёвай ліквіднасці банкам. Так, падчас сакавіцкага, 745-га аўкцыёну попыт на крэдытныя рэсурсы Нацбанка складаў каля 3,7 млрд рублёў, аднак ён задаволіў заяўкі банкаў толькі на 250 млн рублёў.

Лютаўскі, 744-ты аўкцыён, падчас якога банкі прад`яўлялі попыт на шасцімесячныя крэдытныя рэсурсы Нацбанка, таксама завяршыўся незадавальненнем большасці заявак. Рэгулятар выдзеліў банкам 200 млн рублёў, хоць аб`ём заявак з іх боку складаў 2,1 млрд рублёў.

У сакавіку Нацбанк заявіў аб тым, што будзе абмяжоўваць грашовую прапанову для забеспячэння цэнавай стабільнасці ў краіне. „У мэтах абмежавання інфляцыі праўленнем Нацыянальнага банка прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на ўзмацненне кантролю за прыростам рублёвай грашовай базы і шырокай грашовай масы, якія ў 2021 годзе з`яўляюцца аперацыйным і прамежкавым арыенцірамі грашова-крэдытнай палітыкі адпаведна”, — падкрэслівалася ў заяве рэгулятара.

15 красавіка Нацбанк больш дэталёва растлумачыў прычыны, па якіх не задавальняе ўсе заяўкі банкаў, што звяртаюцца за рублёвай ліквіднасцю.

” У складаным аперацыйным асяроддзі мы вымушаныя былі перайсці да больш „грубых” рашэнняў, якія даюць хуткі эфект”, — заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, тлумачачы прычыны, па якіх рэгулятар вырашае задачу цэнавай стабільнасці шляхам выдзялення банкам абмежаванага аб`ёму рублёвай ліквіднасці на аўкцыёнах.

Каментуючы нізкі працэнт задавальнення заявак, якія паступаюць ад банкаў падчас аўкцыёнаў, ён адзначыў, што „кожны банк імкнецца выставіць заяўкі на большую суму, чым яму на самай справе трэба для таго, каб хоць нешта атрымаць”.

„Гэта вось такая гульня… Правядзенне аўкцыёнаў нам дазваляе праз працэнтную стаўку, якая адрозніваецца ад стаўкі рэфінансавання, уздзейнічаць на попыт на крэдыты, ну і на іншыя працэсы, якія адбываюцца на фінансавым рынку”, — падкрэсліў Калаур.

У сваю чаргу першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц адзначыў, што сума на падтрымку ліквіднасці, якую рэгулятар накіроўвае камерцыйным банкам, вызначаецца „ў межах нашых магчымасцяў” з улікам мэты па забеспячэнні цэнавай стабільнасці.

„Яна дзеліцца паміж банкамі аўтаматычна ў залежнасці ад колькасці залогу, якія яны даюць. Таму, натуральна, кожны банк імкнецца атрымаць большую долю, таму што стаўка (кошт рэсурсаў) досыць прыемная на гэтых аўкцыёнах. І ўвесь залог, які ў банка ёсць, ён выстаўляе на аўкцыён. Таму тая сума заявак, якая выстаўляецца (у межах крэдытных аўкцыёнаў), яна зусім не адлюстроўвае попыт на гэтыя рэсурсы”, — падкрэсліў Калечыц.

Кіраўнік Нацбанка дадаў, што шасцімесячныя крэдытныя аўкцыёны рэгулятар стаў праводзіць з-за леташняга адтоку дэпазітаў з банкаўскай сістэмы.

„Гэта не проста падтрымка ліквіднасці, гэта яшчэ і падтрымка рэсурснай базы банкаў”, — падкрэсліў Калаур. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе банкаўская сістэма сутыкнулася з адтокам рублёвых дэпазітаў і рэгулятар, даючы камерцыйным банкам шасцімесячныя крэдытныя рэсурсы, спрабуе такім чынам кампенсаваць леташняе зніжэнне аб`ёму рублёвых укладаў у банкаўскай сістэме.

belapan.by