Нацбанк выпусціў манеты, прысвечаныя міліцыі



Нацыянальны банк Беларусі 17 студзеня ўводзіць у абарачэнне памятныя манеты „Беларуская міліцыя. 100 год”: залатую — намiналам 50 рублёў, масай 7,78 г, дыяметрам 25,00 мм, пробай сплаву 999, тыражом 300 штук; сярэбраную — наміналам 20 рублёў, масай 33,63 г, дыяметрам 38,61 мм, пробай сплаву 925, тыражом 3 000 штук; медна-нікелевую — наміналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32,00 мм, тыражом 5.000 штук.

Як паведамляе Нацбанк, манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў — кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: уверсе — рэльефны відарыс дзяржаўнага герба Беларусі і надпіс па крузе: „РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ”; у цэнтры — выява авальнага шчыта з рэльефна выдзеленым мячом, дзяржальна і вастрыё якога выступаюць за яго контур, у цэнтры шчыта — рэльефны элемент з выявай зямнога шара ў промнях узыходзячага сонца, якія пранізваюць контуры тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; унізе шчыта — надпіс на стужцы: „МУС”; унізе манеты — намінал „50 РУБЛЁЎ” (на залатой), „20 РУБЛЁЎ” (на сярэбранай) і „1 РУБЕЛЬ” (на медна-нікелевай), злева — год чаканкі, справа — проба сплаву (на сярэбранай і залатой).

Рэверс: у цэнтры — у крузе рэльефная пагрудная выява трох мужчын у міліцэйскай форме розных часоў; па крузе надпісы: „БЕЛАРУСКАЯ МІЛІЦЫЯ 100 ГОД”; „СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ”.

Манеты адчаканеныя ў АТ „Манетны двор Польшчы”.

„Уведзеныя ў абарачэнне манеты з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў”, — падкрэсліваюць у Нацбанку.

Сваё стагоддзе беларуская міліцыя адзначыць 4 сакавіка 2017 года.

belapan.by