Нацбанк зноў зніжае стаўку рэфінансавання



Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнні пра зніжэнні 15 лютага стаўкі рэфінансавання з 17% да 16% гадавых. Будуць таксама зніжаныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях Нацбанка па падтрымцы наяўнай ліквіднасці банкаў — з 22% да 20% гадавых.

Як паведамляе прэс-служба галоўнага банка краіны, адпаведныя рашэнні прынятыя праўленнем і камітэтам па манетарнай палітыцы Нацбанка 7 лютага „зыходзячы з наяўнай у межах прагнозу дынамікі росту спажывецкіх цэнаў, аналізу сітуацыі на валютным і дэпазітным рынках, стану знешняга гандлю і плацежнага балансу”.

Як адзначаюць у Нацбанку, інфляцыйныя працэсы ў краіне працягваюць запавольвацца. Прырост спажывецкіх цэн у снежні 2016 года да снежня 2015 года склаў 10,6% (пры мэтавым арыенціры 12%), у студзені 2017 года чакаецца на ўзроўні 9,6% у гадавым выражэнні, у лютым-сакавіку — прыкладна 9%.

Асноўны ўплыў на стрымліванне інфляцыі працягваюць рабіць манетарныя фактары. Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў студзені 2017 года да студзеня 2016 года склаў 0,3%, што адпавядае макраэканамічным умовам, якія складваюцца.

На ўнутраным валютным рынку захоўваецца чыстая прапанова замежнай валюты, у асноўным за кошт продажу валюты насельніцтвам. У сегменце суб’ектаў гаспадарання попыт і прапанова валюты збалансаваныя, што адлюстроўвае тэндэнцыі ў знешнім гандлі. У цэлым гэтыя фактары ствараюць умовы для ўстойлівасці абменнага курсу беларускага рубля, падкрэсліваюць у Нацбанку.

На дэпазітным рынку захоўваецца прырост рублёвых укладаў насельніцтва пры павелічэнні долі новых безадзыўных дэпазітаў у структуры ўкладаў.

„На фоне чаканага запаволення інфляцыі зніжэнне стаўкі рэфінансавання і ставак па аперацыях Нацыянальнага банка па падтрымцы наяўнай ліквіднасці банкаў не прывядзе да іх значнай змены ў рэальным выражэнні. Гэта дазволіць захаваць рэальную даходнасць банкаўскіх рублёвых зберажэнняў на ўстойлівым і прывабным узроўні”, — гаворыцца ў паведамленні.

Апошні раз стаўка рэфінансавання мянялася 18 студзеня, тады яна была зніжаная з 18% да 17% гадавых. У 2016 годзе Нацбанк зніжаў яе чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.

Паводле БелаПАН