Наваполацкі „Нафтан” рыхтуецца працаваць ва ўмовах рынкавых цэн на нафту



Новы генеральны дырэктар нафтаперапрацоўчага завода „Нафтан” Аляксандр Дзямідаў лічыць, што прадпрыемства ў перспектыве павінна быць гатовае працаваць ва ўмовах рынкавых цэн на нафту. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства ў пачатку красавіка, паведамляе карпаратыўная газета „Вестник „Нафтана”.

Для вырашэння гэтай задачы, лічыць новы гендырэктар, у першую чаргу ў самыя кароткія тэрміны трэба завяршыць праекты мадэрнізацыі „Нафтана” і павялічыць глыбіню перапрацоўкі сыравіны да 90%. На думку Дзямідава, гэта дазволіць зняць многія праблемныя пытанні і, у прыватнасці, пачаць разлічвацца па крэдытах, узятых на мадэрнізацыю.

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што задача па завяршэнні ў жорсткія тэрміны будаўніцтва і ўводзе ў эксплуатацыю аб’ектаў комплексу запаволенага каксавання, што дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты, выканальная пры ўмове максімальнай мабілізацыі ўсіх сіл.

„Гэтая наша агульная мэта. Я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы яе дасягнем. Дзеля нашай будучыні сёння мы павінны зрабіць усё, каб не проста выстаяць. У няпростых умовах мы павінны перамагчы”, — заявіў Дзямідаў.

Бягучая мадэрнізацыя на „Нафтане” прадугледжвае будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання з пяці установак. Мяркуецца, што ў выніку мадэрнізацыі глыбіня перапрацоўкі нафты вырасце да 90%, а выхад светлых нафтапрадуктаў павялічыцца да 65%.

Як паведамлялася, у лютым 2017 года паводле рашэння канцэрна „Белнафтахім” гендырэктар „Нафтана” Уладзімір Траццякоў быў адпраўлены ў адстаўку за зацягванне тэрмінаў мадэрнізацыі завода, якая павінна дазволіць прадпрыемству працаваць прыбыткова нават у выпадку павелічэння ўваходных цэн на нафту.

Згодна з прагнозам Еўразійскага банка развіцця, ужо ў найбліжэйшыя гады ў выніку падатковага манеўру ў Расеі Беларусь можа апынуцца перад неабходнасцю купляць нафту па сусветных цэнах. Падатковы манеўр ў нафтавай галіне, рэалізацыя якога ў Расеі пачалася яшчэ ў 2015 годзе, прадугледжвае павелічэнне падатку на здабычу карысных выкапняў і змяншэнне экспартных пошлін на нафту.

„У выніку рэалізацыі падатковай рэформы ў нафтавай галіне Расеі памер экспартнай пошліны, які застаецца ў Беларусі, будзе паступова змяншацца на фоне адначасовага росту імпартных цэн на расійскую нафту, што будзе прыводзіць да пагаршэння энергабалансу Беларусі, незалежна ад дынамікі цэн на нафту на сусветным рынку”, — лічаць эксперты еўразійскага банка.

belapan.by