Навошта дзяржаве “чамаданы без ручак”?



Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму прадпрыемствам, якія не маюць прыбытку, дзяржава дае вялізныя грошы.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка і міністр прамысловасці Віталь Воўк агучылі такія лічбы: у развіццё МАЗа і БАТЭ ўлады плануюць укласці па паўмільярда даляраў інвестыцый. На развіццё БелАЗа ўжо пайшло 800 млн.даляраў, а “Гомсельмашу” неабходна 800 млн.

Леў Марголін: Безумоўна, каб рабіць нейкія высновы, трэба дэталёва ведаць інвестыцыйныя планы. Але ўвесь досвед дзяржаўных інвестыцый сведчыць, што яны ў сваёй большасці не бываюць эфектыўнымі. У лепшым выпадку ўдаецца трошкі падняць прадпрыемства, каб яно не зусім патанула. А ў горшым выпадку страты толькі павялічваюцца.

Што датычыцца МАЗа, то большасць экспертаў сыходзяцца ў тым, што прадпрыемства наогул само па сабе існаваць прыбыткова не можа, а павінна ўвайсці ў нейкую групу, таму што гэта самы маленькі завод з усіх вядомых па вытворчасці грузавых аўтамабілей.

РР: Тады навошта дзяржава інвестуе грошы ў гэтыя прадпрыемствы?

Леў Марголін: Улада больш за ўсё баіцца хваляванняў людзей менавіта на вялікіх прадпрыемствах. Калі гэтыя заводы проста ўзяць і закрыць, то рэакцыя працоўных можа быць непрадказальнай. А калі нічога не рабіць з гэтымі заводамі, то яны самі памруць, і людзі ізноў-такі апынуцца без працы. Адным словам, вырашана хоць неяк, але падтрымліваць на плыву гэтыя “чамаданы без ручак”. Па-іншаму ўлада рабіць нічога не ўмее, а пра рэформы нават і размова не ідзе. Добра яны навучыліся толькі распараджацца дзяржаўнымі грашыма, што, уласна кажучы, і робяць. Але ж эфекта з гэтага – практычна ніякага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя