Неэфектыўны АПК: навошта ён патрэбны?



Эканаміст Леў Марголін прааналізаваў сітуацыю, у якой апынуўся аграпрамысловы комплекс Беларусі.

На 1 сакавіка 2021-га года запазычанасць ўсяго АПК краіны па рублёвых крэдытах склала 5,433 рублёў. За апошнія 12 месяцаў яна вырасла на 21,3%, паведамляе banki24.by.

Леў Марголін: Лічба, безумоўна, унушальная, але яе ўсё роўна трэба параўноўваць з агульным аб’ёмам унутранага валавага прадукта ў сельскай гаспадарцы. Мяркую, калі такое параўнанне зрабіць, то будзе відавочна, што гэта даволі буйная сума.

РР: З чым звязаны рост запазычанасці ўсяго АПК па крэдытах?

Леў Марголін: Рост запазычанасці заўсёды звязаны з неэфектыўнасцю той ці іншай галіны. Сама па сабе пазыка – гэта нармальная з’ява ў эканоміцы, але яна павінна прыводзіць да росту эфектыўнасці і росту прыбыткаў. У такім выпадку можна лёгка гасіць старыя запазычанасці і браць новыя крэдыты на новыя праекты па нарошчванні вытворчасці.

Калі ж гэтага няма, а тое, што ўкладаецца ў сельскую гаспадарку, не прыносіць ніякі прыбытак, то няма чаго і аддаваць па пазыках.

РР: Які тут выхад? Аддаць неэфектыўныя гаспадаркі ўласнікам?

Леў Марголін: Выхадам была б поўная прыватызацыя сельскай гаспадаркі. Ці хаця б на першым этапе — зрабіць гэтую галіну самастойнай ад адміністрацыйнага кіравання. То бок, вытворцы павінны самі вырашаць: што яны будуць вырошчваць? Якім чынам? У якіх формах?

І калі яны бяруць нейкія пазыкі, то павінны ведаць, што дзяржава ім затым не дапаможа пагашаць доўг. Гэта павінна быць канкурэнтнае асяроддзе, дзе выжывае больш эфектыўны гаспадар. Але гэта немагчыма без прыватнай уласнасці на зямлю.

РР: Навошта тады ўлады цягаюць гэты чамадан без ручкі?

Леў Марголін: Па-першае, тут прысутнічае псіхалагічны момант, бо яны не ўяўляюць уласнасць, якая існуе асобна ад дзяржавы. Па-другое, залежнасць АПК ад дзяржавы патрэбна, каб кіраваць гэтай галіной і людзьмі, якія там працуюць. Гэта павінна быць вертыкальна пабудаваная сістэма, дзе ўсё і ўсе знаходзяцца пад стоадсоткавым кантролем дзяржавы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя