Некаторыя дарогі ў Менску могуць зрабіць платнымі
Менскія ўлады разглядаюць магчымасць увядзення платы за праезд па некаторых сталічных дарогах. Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінгарвыканкама на петыцыю групы мінчан з прапановай увесці плату за ўезд на асабістым транспарце ў зону ўнутры першага кольца.
„Мы, жыхары і госці сталіцы, занепакоеныя перагрузкай цэнтральнай часткі Менска асабістымі аўтамабілямі. Лічым, што рэгуляванне попыту на паездку ў цэнтр больш дзейсная мера, чым пашырэнне дарог. Увод платы за ўезд у зону ўнутры першага кольца адпавядае, паводле нашых дадзеных, сусветным практыкам як вялікіх (Лондан, Сінгапур, Стакгольм), так і маленькіх гарадоў (Валета)”, — гаварылася ў апублікаваным на petitions.by звароце да мінскіх уладаў, які падпісалі 155 чалавек.
У адказе за подпісам дырэктара ДУ „Сталічны транспарт і сувязь” Валерыя Шкуратава гаворыцца, што менскія ўлады абмяркоўваюць магчымасць увядзення на першым этапе платы за ўезд у горад грузавога транспарту: „Адпаведнымі падраздзяленнямі Мінгарвыканкама прапрацоўваецца пытанне разгрузкі МКАД і вулічна-дарожнай сеткі горада ад грузавога аўтатранспарту шляхам збору платы за праезд транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай большай за 3,5 тоны”.
„У выпадку паспяховай рэалізацыі гэтага этапу будзе прынятае рашэнне пра мэтазгоднасць пераносу прынцыпу працы дадзенай сістэмы на іншыя віды транспарту”, — гаворыцца ў адказе з Мінгарвыканкама.
belapan.by
Фота abw.by