Новае нафтавае радовішча адкрылі ў Рэчыцкім раёне



Спецыялісты кампаніі «Беларуснафта» адкрылі Гур’янаўскае радовішча. Новы аб’ект знаходзіцца ў цэнтральнай зоне Прыпяцкага прагіну ў Рэчыцкім раёне.

Паводле папярэдняй ацэнкі, геалагічныя запасы Гур’янаўскага радовішча могуць скласці 600 тыс. т. Выпрабаванні нафтаперспектыўных адкладаў даюць падставы меркаваць, што тут будзе фантанны прыток нафты. Больш дакладны падлік запасаў вуглевадародаў і іх пастаноўка на дзяржбаланс спецыялісты выканаюць пасля будаўніцтва і асваення свідравіны, а таксама ўдакладненняў геалагічнай будовы Гур’янаўскага радовішча.

«Вынікі свідравання і адкрыццё новай залежы павялічваюць перспектывы і рэсурсны патэнцыял Цэнтральнай структурнай зоны Прыпяцкага прагіну. У 2021-2022 гадах тут плануюць прасвідраваць 13 пошукава-разведачных свідравін», — распавялі на прадпрыемстве.

Гур’янаўскае радовішча — ужо трэцяе адкрыццё 2021 года. Да гэтага спецыялістамі «Беларуснафты» адкрыты Нова-Даманавіцкае і Усходне-Ізбыньскае радовішча. У 2021 годзе прырост запасаў вуглевадародаў ужо цалкам кампенсаваў гадавую здабычу нафты.

zviazda.by