Пачалося банкруцтва беларускіх турыстычных кампаній



З-за цяжкага фінансавага становішча і адсутнасці дзяржпадтрымкі пачалося банкруцтва турыстычных кампаній, паведаміла БелаПАН кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун.

„Сёння ў суб’ектаў турыстычнага рынку няма выйсця. Прыватны бізнес ствараўся для атрымання прыбытку. Яго сёння няма, умоў для аднаўлення дзейнасці няма. Мы бачым, што межы закрытыя, эпідэміялагічная сітуацыя складаная, а органы дзяржкіравання не стварылі ўмовы па папярэджанні фінансавай неплацежаздольнасці (банкруцтва) турыстычных кампаній”, — падкрэсліла Бічун.

„Складваецца ўражанне, што супрацоўнікі дзяржорганаў дамагаюцца, каб тургаліна памерла, — адзначыла яна. — Па-іншаму растлумачыць дзеянні і бяздзейнасць дзяржорганаў мы не можам”.

У сваю чаргу старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец паведаміў БелаПАН, што было падрыхтавана чатыры праекты ўказа аб падтрымцы тургаліны, але ні адзін з іх з невядомых прычын не быў падтрыманы на дзяржаўным узроўні.

„Здзіўляе і абурае бяздзейнасць дзяржорганаў у частцы аказання падтрымкі турыстычнай галіне”, — заявіў Швец.

Відавочна, адзначыў ён, што ў існых умовах турыстычныя кампаніі, якія не валодаюць рэзервамі, вымушаныя будуць сыходзіць з рынку.

„У гэтых умовах нас расчароўваюць непрафесійныя паводзіны Мінспорту і турызму, якое, па ідэі, павінна прапаноўваць меры, скіраваныя на папярэджанне банкруцтва турыстычных кампаній. Калі яны падрыхтавалі праект указа аб дзяржпадтрымцы тургаліны і дакумент не быў прыняты, значыць, распрацоўшчыкі былі недастаткова пераканаўчыя”, — лічыць Швец.

На яго думку, план першачарговых мер падтрымкі ўнутранага і ўязнога турызму, які ўрад з падачы Мінспорту і турызму зацвердзіў у канцы лістапада, дыскрэдытуе ўрад у вачах бізнесу.

„Гэты план імітацыйны, ён зусім не адпавядае часу. Таму ўзнікае пытанне, ці разумеюць распрацоўшчыкі гэтага плана рэальнае становішча спраў у галіне і ці ў стане яны наогул рэгуляваць туріндустрыю”, — падкрэсліў Швец.

Калі рэальная дзяржпадтрымка тургаліне, дадаў ён, не будзе аказаная, „нас чакае вызваленне працоўнай сілы і павелічэнне арміі беспрацоўных”.

Як паведамлялася, у канцы лістапада ўрад прыняў план першачарговых мер падтрымкі ўнутранага і ўязнога турызму. Дакумент не прадугледжвае падатковых і іншых фінансавых мер падтрымкі тургаліны. Акцэнт у плане ставіцца на мерах, якія павінен прыняць бізнес для паляпшэння іміджу Беларусі „як краіны, бяспечнай для падарожжаў”.

belapan.by