Пад Менскам адкрыецца зборачная вытворчасць кітайскіх электрамабіляў



 Зборачная вытворчасць кітайскіх электрамабіляў Zotye E200 і Z500EV будзе наладжана ў найбліжэйшыя месяцы на заводзе „Юнісан”. Аб гэтым 7 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў старшыня назіральнага савета СП ЗАТ „Юнісан” Аляксей Ваганаў.

Паводле яго слоў, выбар на карысць менавіта гэтага вытворцы быў зроблены таму, што Zotye — лідар у вытворчасці электрааўтамабіляў у Кітаі. Акрамя таго, „Юнісан” даўно супрацоўнічае менавіта з гэтым аўтамабільным брэндам.

Як сказаў Ваганаў, масавая вытворчасць электрамабіляў Zotye E200 і Z500EV на „Юнісане” пачнецца ў траўні, тады ж пачнецца іх продаж на беларускім рынку. Пастаўкі ў Расею стартуюць арыенціровачна ў чэрвені. У першы год на прадпрыемстве плануецца выпусціць да трох тысяч электрамабіляў.

Электрамабіль Zotye E200 задумваўся кампаніяй Zotye як прамы канкурэнт нямецкаму smart — субкампактнаму гарадскому хэтчбеку на дзве персоны. Запас яго ходу пасля зарадкі складае 220 км. Што тычыцца другой прадстаўленай мадэлі, пяцімясцовага седана Zotye Z500EV, то запас яго ходу складзе 350 км. Кошт гэтых двух мадэляў — 17 тысяч і 22 тысячы долараў адпаведна.

Разам з тым, як адзначыў дырэктар завода „Юнісан” Дзмітрый Ягораў, такія цэны будуць магчымыя толькі пры ўмове падтрымкі з боку дзяржавы ў мытных, падатковых і іншых пытаннях. Як падкрэсліваюць на „Юнісане”, у развітых краінах Еўропы, ЗША альбо Японіі папулярнасць электрааўтамабіляў наўпрост залежыць ад падтрымкі дзяржавы.

„Цэны такімі будуць, калі ўсё складзецца, як мы разлічваем. А мы спадзяемся, што ў тым духу часу, у якім у нас у краіне цяпер прымаюцца досыць прагрэсіўныя заканадаўчыя акты, і электрамабілі знойдуць сваё месца ў такім заканадаўчым дзеянні. Мы тлумачым, што для таго, каб такі электрамабіль быў цікавы спажыўцу, ён павінен разумець, для чаго ён яму патрэбны. То бок цана валодання аўтамабілем, нейкія прэферэнцыі — чалавек павінен ведаць, што на гэтым электрамабілі яго выдаткі будуць меншыя, а выгада большая”, — падкрэсліў Ягораў.

Паводле слоў Аляксея Ваганава, таксама плануюцца меры па лакалізацыі вытворчасці электрамабіляў. У прыватнасці, праграмнае забеспячэнне, адаптаванае пад рынак Беларусі і Расеі, маглі б вырабляць рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій. Акрамя таго, у Беларусі маглі б выпускаць элементы кузава, шыны для такіх машын, сядзенні і нейкія іншыя элементы.

На „Юнісане” таксама разлічваюць, што ў краіне будзе развівацца неабходная інфраструктура для выпуску электракараў, у першую чаргу сетка зарадных станцый, і таксама разлічваюць на зацікаўленасць дзяржавы ў гэтым пытанні.

Zotye Auto — найбуйнейшы кітайскі аўтаканцэрн, заснаваны ў 2005 годзе, належыць прыватнаму кітайскаму холдынгу Zotye Holding Group Co.

Завод „Юнісан” размешчаны ў вёсцы Абчак за 10 км ад Менска. Прадпрыемства было заснавана ў 1996 годзе як беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства Ford Union, а ў 2000 годзе пераўтворана ў СП ЗАТ „Юнісан”. На працягу больш чым 15 гадоў прадпрыемства ажыццяўляла зборку шэрагу аўтамабільных марак, уключаючы Ford, KIA, Samand, Lublin, Zotye, Cadillac і інш.   БелаПАН