Падатковая накіравала каля 400 тысяч „лістоў шчасця”



Падатковыя органы накіравалі прыблізна 400 тыс. апавяшчэнняў аб выплаце збору асобамі, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў („падатку на дармаедства”), паведаміў на брыфінгу ў прэс-цэнтры БелТА 13 студзеня начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

Паводле яго слоў, збор ўжо заплацілі прыблізна 24 тыс. чалавек. Малую колькасць плацельшчыкаў Расолька звязвае з тым, што ў многіх з іх тэрміны выплаты прыпадалі на студзень.

„Бюджэтныя паступленні ад падатку на дармаедства на гэты момант склалі 7 млн рублёў”, — паведаміў ён.

Расолька не змог удакладніць, якая колькасць грамадзян, што атрымалі апавяшчэнні на выплату збору, здолелі даказаць, што атрымалі іх памылкова і плаціць не павінны, бо падатковыя органы не вядуць такой статыстыкі. Лічбу, якая раней фігуравала ў СМІ, — 15 тыс. чалавек — чыноўнік назваў некарэктнай, бо гэта тыя людзі, якія яшчэ да атрымання апавяшчэнняў здолелі даказаць свой удзел у фінансаванні дзяржрасходаў і апавяшчэнні ім не накіроўваліся.

Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня падпісаў дэкрэт № 1 аб унясенні зменаў у дэкрэт ад 2 красавіка 2015 года № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Дэкрэтам удакладнены пералік перыядаў дзейнасці, на працягу якіх грамадзяне прызнаюцца ўдзельнікамі ў фінансаванні дзяржрасходаў.

Дэкрэт № 3 абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (цяпер 460 рублёў).

Да 31 мая 2016 года такія грамадзяне мелі права самастойна праінфармаваць падатковыя органы аб тым, што паводле вынікаў папярэдняга года не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржрасходаў альбо ўдзельнічалі, аднак менш за 183 дні. Было пададзена больш за 4 тыс. апавяшчэнняў. Выплачана прыблізна 1 млн дэнамінаваных рублёў. Пры гэтым самастойнае інфармаванне прадугледжвала даванне 10-працэнтнай льготы па выплаце, а ўнесці збор трэба было да 1 ліпеня.

Згодна са звесткамі на канец снежня, МПЗ накіравала больш за 240 тыс. апавяшчэнняў аб выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў на падставе дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. На той момант збор заплацілі прыкладна 12 тыс. чалавек, сума выплат склала за 3,7 млн рублёў.

Пры увядзенні збору прадстаўнікі ўладаў заяўлялі, што ў краіне 400-500 тыс. „дармаедаў”.

belapan.by