Падпісаны ўказ аб адрасным субсідаванні будаўніцтва жылля



Аляксандр Лукашэнка 4 ліпеня падпісаў указ № 240 „Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”.

У дадатак да дзейнай сістэмы льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ўводзіцца новы від дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — дзяржаўныя адрасныя субсідыі.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дзяржаўныя субсідыі будуць давацца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем’ям і дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах.

Атрымальнікамі субсідый будуць усе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржпадтрымкі ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 6 студзеня 2012 года № 13.

Дадаткова ўказам прадугледжанае права на атрыманне адрасных субсідый ветэранамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Пры гэтым дзяржпадтрымка ў выглядзе ільготных крэдытаў і субсідый будзе дзейнічаць паралельна, з захаваннем прынцыпу аднаразовасцi яе атрымання.

У паведамленні адзначаецца, што механізм давання дзяржсубсідый распрацаваны з улікам максімальнага захавання прынцыпаў дзейнай сістэмы дзяржпадтрымкі жыллёвага будаўніцтва: сума дзяржпадтрымкі будзе разлічвацца зыходзячы з колькасці членаў сям’і, нармаваных памераў жылога памяшкання і межавага нарматыву кошту будаўніцтва; умовамі давання такой падтрымкі будуць чарговасць атрымання і аднясенне грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных.

Як паведамляў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль 29 чэрвеня на прэс-канферэнцыі адзначыў, што з прыняццем гэтага ўказа сістэма прамых ільготных крэдытаў праз пералічэнне сродкаў банкамі паступова будзе замененая сістэмай субсідавання не банкаў, а непасрэдна грамадзян. „Сэнс указа ў тым, каб пазбаўляцца ад дырэктыўнага крэдытавання, якое пастаянна крытыкуецца міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, каб дзяржава не банкі падтрымлівала, як цяпер, а непасрэдна грамадзян”, — падкрэсліў начальнік упраўлення.

Горваль растлумачыў, што грамадзянін зможа атрымаць субсідыю, якую затым зрасходуе на пагашэнне крэдыту, атрыманага на камерцыйных умовах. Камерцыйныя банкі прапануюць крэдытаатрымальнікам пазыковыя сродкі для будаўніцтва жылля, а грамадзяніну будзе налічвацца субсідыя.

Усяго ў Беларусі прыблізна 30 банкаў, з іх 15 крэдытуюць жыллёвае будаўніцтва, пры гэтым два — з дзяржпадтрымкай. „Цяпер не толькі „Беларусбанк” і „Белаграпрамбанк” будуць удзельнічаць у крэдытаванні будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, але большасць камерцыйных банкаў краіны”, — тлумачаць у Мінбудархітэктуры.

Пасля прыняцця ўказа будзе прынятая пастанова ўрада, якая дэталізуе працэдуру давання субсідый.

БелаПАН